Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Подлыя камэнтары пішуць тыя, хто ніколі ня быў на акцыях». Палітыкі адказваюць на крытыку ў сацыяльных сетках


Карыстальнікі сацыяльных сетак раскрытыкавалі лідэраў Правацэнтрысцкай кааліцыі Юрася Губарэвіча, Анатоля Лябедзьку і Віталя Рымашэўскага за ўдзел у кангрэсе Эўрапейскай народнай партыі на Мальце.

Апазыцыянэраў дакаралі за фатаздымкі на фоне пальмаў і мора — у той час, калі ў Беларусі да штрафаў і арыштаў засуджаныя сотні людзей.

«Нармуль праца, а актывісты на соднях сядзяць...»

«Не, ну кто-то ж должен страдать от жары в пиджаке за всех нас»

«Саша с друзьями в солнечном Туркменистане, его «злейшие» враги на Мальте. Когда остальным беларусам солнце будет светить?»

«Шчыра. Спачуваю іх адседцы. Але такое ну ніяк ня хочацца камэнтаваць. На жаль, гэта цалкам па-за маім разуменьнем», — гэта толькі некаторыя з камэнтароў.

Візыт лідэраў Правацэнтрысцкай кааліцыі на Мальту некаторыя камэнтатары называлі неэтычным у часе, калі ў Беларусі адбываюцца рэпрэсіі супраць грамадзкіх і палітычных актывістаў.

Радыё Свабода зьвярнулася да згаданых палітыкаў з просьбай пракамэнтаваць абвінавачаньні ў іхны бок.

«То гэта ж плюралiзм думак... А нам трэба рабiць сваю справу», — ляканічна адказаў на крытыку ў свой адрас старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Больш шматслоўным быў сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. Паводле яго, менавіта міжнародная салідарнасьць вызваляе людзей з турмаў і многім ратуе жыцьці.

«Падтрымка заходніх палітыкаў ня менш важная, чым падтрымка беларускага грамадзтва. Дзякуючы паездцы правацэнтрыстаў на кангрэс Эўрапейскай народнай партыі заклікі да салідарнасьці зь беларускім народам, з палітвязьнямі гучалі на кожнай сустрэчы ўсе дні канфэрэнцыі».

— А як можна вымераць эфэктыўнасьць гэтай салідарнасьці?

«Ёсьць вынік. Гэта заявы Эўрапейскай народнай партыі з патрабаваньнем вызваліць усіх вязьняў і спыніць рэпрэсіі. У наступны чацьвер рыхтуецца рэзалюцыя Эўрапарлямэнту пра Беларусь», — адказаў Рымашэўскі.

Палітык дадаў, што чытаць допісы з асуджэньнем паездкі на Мальту яму сьмешна, бо нядаўна ён выйшаў на волю пасьля 15 содняў арышту ў Маладэчне.

«Подлыя камэнтары ў сацыяльных сетках пакідаюць людзі, якія на акцыі ніколі не былі. Мне іх шкада. У панядзелак мяне ў выклікаюць у міліцыю на чарговае складаньне пратаколу. У аўторак і ў сераду — суды. Запрашаю ўсіх».

У эфэктыўнасьці міжнародных сустрэч дзеля вызваленьня асуджаных актывістаў перакананы і старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. Палітык расказаў, што беларускія дэлегаты правялі дзясяткі сустрэчаў, выступалі на пленарным паседжаньні, рабілі заявы пра падзеі ў Беларусі ў прысутнасьці тузіна прэзыдэнтаў і прэм’ераў эўрапейскіх дзяржаваў.

«Асабліва мне спадабаўся камэнтатар, які закідваў, што я на Мальце, калі ў Беларусі рэпрэсіі. Нібыта ня ведае, што мы ўтрох правялі 15 дзён у арышце ў Маладэчне. Нашая адзіная і галоўная задача — інфармаваць міжнародную супольнасьць пра рэпрэсіі, якія разгортваюцца ў краіне. Мы зьвярнулі ўвагу, што супрацьстаяньне адбываецца ня толькі на лініі Лукашэнка — апазыцыя. За краты кідаюць звычайных людзей. Год таму яны былі ў ліку электарату Лукашэнкі. Гэта важны момант».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG