У Пакістане настаяцель суфійскай сьвятыні разам зь некалькімі саўдзельнікамі забілі 20 чалавек, папярэдне падвергнуўшы іх катаваньням. Пра гэта паведаміла ў нядзелю, 2 красавіка, агенцтва Reuters. Злачынства зьдзейсьнена ў горадзе Саргода ў правінцыі Пэнджаб.
Настаяцель завабліваў вернікаў у храм і даваў ім наркатычны сродак, пасьля чаго распранаў, зьбіваў і катаваў іх. У мясцовай лякарні паведамляюць, што на целе большасьці ахвяр выяўленыя сьляды ад удараў дубінак і нажавыя раненьні.
Прадстаўнікі мясцовай паліцыі паведамляюць, што затрыманы настаяцель патлумачыў свае дзеяньні тым, што ў мінулым прыхаджане спрабавалі яго атруціць. Некаторыя СМІ паведамляюць, што настаяцель пакутуе на псыхічнае захворваньне. Газэта The Nation піша, што затрыманы заявіў, што праводзіў «духоўную ачыстку» сваёй паствы.