Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Беларусі ў Аўстраліі сустрэўся з нашчадкамі Ігната Дамейкі


Пас Дамейка, амбсадар Віктар Шых і ягоная жонка Лілія Маліноўская

Амбасадар Беларусі ў Аўстраліі Віктар Шых сустрэўся з праўнучкай Ігната Дамейкі. Беларускі дыплямат наведаў Пас Дамейку ў яе дома, у Сыднэі, разам з жонкай Ліліяй Маліноўскай.

У студзені праўнучка сусьветнавядомага навукоўца, ураджэнца Беларусі, распавяла Свабодзе, што беларускія дыпляматы ніколі не кантактавалі зь сямʼёй Дамейкаў, нягледзячы на словы міністра замежных справаў Уладзімера Макея пра тое, што «беларускую гісторыю прысвойваюць сабе шмат якія іншыя дзяржавы».

«Праўнучка нашага славутага земляка распавяла аб сваёй дзейнасьці па вывучэньню і захаваньню спадчыны свайго славутага прадзеда. Паведаміла, што ў Беларусі рыхтуецца пераклад яе кнігі аб жыцьці Ігната Дамейкі» — гаворыцца на сайце пасольства.

Трэці сакратар амбасады Максім Макараў з унукам Пас Дамейкі Джэймсам і зяцем Філіпам
Трэці сакратар амбасады Максім Макараў з унукам Пас Дамейкі Джэймсам і зяцем Філіпам

У сустрэчы прымаў удзел і трэці сакратар пасольства Максім Макараў, які адказвае, між іншым, за консульскія пытаньні ў працы амбасады. У інтэрвію Свабодзе Пас Дамейка распавяла, што рыхтуецца наведаць Беларусь, але не ўпэўненая, ці здолее зрабіць беларускую візу.

Як гаворыцца ў паведамленьні пасольства, размова датычыла «гістарычнага разьвіцьця беларускай дзяржавы, праблемы саманазвы беларусаў, лёсу беларускай мовы і шмат якіх іншых праблемаў». У размове зь беларускімі дыпляматамі ўдзельнічалі таксама зяць Пас Дамейкі Філіп і яе ўнук Джэймс.

Пас Дамейка і Віктар Шых
Пас Дамейка і Віктар Шых

«Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасфэры. Спадарыня Дамейка была шчыра рада знаёмству зь беларускімі дыпляматамі. Дамовіліся падтрымліваць далейшыя кантакты з мэтай падрыхтоўкі яе магчымага візыту ў Беларусь летам гэтага года» — гаворыцца на сайце беларускай амбасады ў Канбэры.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG