Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркмэнскіх студэнтаў у Беларусі стане яшчэ больш


Туркмэнскія студэнты ў Ашгабадзе, ілюстрацыйнае фота
Туркмэнскія студэнты ў Ашгабадзе, ілюстрацыйнае фота

Як паведамляе прэсавая служба беларускага прэзыдэнта, па выніках першага дня афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Туркмэністан падпісана больш за 10 дакумэнтаў у справе двухбаковага супрацоўніцтва.

Канкрэтныя сфэры, у якіх мяркуецца пашыраць і паглыбляць стасункі, не называюцца, але акцэнт робіцца на адукацыйную сфэру. Паводле афіцыйных зьвестак, лідэрскія пазыцыі сярод іншаземцаў у беларускіх ВНУ ўпэўнена утрымліваюць навучэнцы з Туркмэністану — цяпер іх больш за 8 тысяч. І чакаецца, што пасьля новых пагадненьняў туркмэнскіх студэнтаў будзе яшчэ больш.

У прыватнасьці, падпісаны дамовы паміж Беларускім гандлёва-эканамічным унівэрсытэтам спажывецкай каапэрацыі і Туркмэнскім дзяржаўным інстытутам эканомікі і кіраваньня, Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэтам імя Пушкіна і Туркмэнскім дзяржаўным пэдагагічным інстытутам імя Сэйдзі, Берасьцейскім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэтам і Туркмэнскім дзяржаўным інстытутам эканомікі і кіраваньня, Берасьцейскім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэтам і Дзяржаўным энэргетычным інстытутам Туркмэністану.

Падпісаны мэмарандум аб супрацоўніцтве паміж Полацкім дзяржаўным унівэрсытэтам і Міжнародным унівэрсытэтам нафты і газу. Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт і Акадэмія навук Туркмэністану падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасьці, адукацыі і падрыхтоўкі кадраў.

Гэтаксама ўхваленая праграма супрацоўніцтва ў галіне турызму паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Дзяржаўным камітэтам Туркмэністану ў сфэры турызму.

Сёньня кіраўнікі Беларусі і Туркмэністану возьмуць удзел у цырымоніі адкрыцьця Гарлыкскага горна-ўзбагачальнага камбінату, які ўзводзіўся пры дапамозе беларускіх спэцыялістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG