Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь заняла 114-е месца ў рэйтынгу эканамічнай свабоды — паміж Габонам і Танзаніяй


Краіны сьвету паводле рэйтынгу эканамічнай свабоды ў 2017 годзе

У рэйтынгу эканамічнай свабоды, што складаюць газэта Wall Street Journal і дасьледчы цэнтар Heritage Foundation, Беларусь заўважна палепшыла свае пазыцыі і абагнала Расею (114-е месца). Цяпер Беларусь на 104-м месцы са 180 краінаў, прадстаўленых у рэйтынгу.

Суседзі Беларусі па рэйтынгу — Гандурас, Бэліз, Малі і Габон (100-103 месцы) і Танзанія, Гаяна, Бутан і Самоа (105-108). З суседзяў Беларусі найлепшая пазыцыя ў Літвы (16-е месца), найгоршая — ва Ўкраіны (166-е). Эстонія на 6-м месцы ў сьвеце, пасьля Ганконгу, Сынгапуру, Новай Зэляндыі, Швайцарыі і Аўстраліі.

Паляпшэньне пазыцыяў Беларусі ў 2017 годзе — самае значнае з 1995 году, ад якога прыводзяцца зьвесткі. Палепшыліся паказьнікі якасьці правоў на ўласнасьць, добрасумленнасьці ўраду, расходаў ураду і цяжкасьці падаткаў, свабоды бізнэсу і манэтарнай свабоды, свабоды гандлю і інвэставаньня. Пагоршыўся толькі паказьнік свабоды працы.

Зьмены пазыцыяў Беларусі і суседніх краінаў у рэйтынгу з 1995-га па 2017 год
Зьмены пазыцыяў Беларусі і суседніх краінаў у рэйтынгу з 1995-га па 2017 год

«Беларусь дамаглася нязначных посьпехаў у дэрэгуляцыі, але больш лібэральная эканамічная палітыка ня ёсьць прыярытэтам, — пішуць укладальнікі рэйтынгу. — Пастаяннае ўмяшаньне дзяржавы і кантроль перашкаджаюць эканоміцы. Перабудова эканамічнай сыстэмы была вельмі павольнай, і невялікі прыватны сэктар маргіналізаваны. Саслабленая ўнутранымі структурнымі недахопамі, эканоміка мае малую ўстойлівасьць да вонкавых узьдзеяньняў.

Карупцыя застаецца шырока распаўсюджанай зьявай, і неэфэктыўная судовая сыстэма і працаёмкая бюракратыя падрываюць абарону правоў уласнасьці. Узаемадзеяньне дзяржавы з прыватным сэктарам мае манэтарную свабоду, свабоду інвэстыцыяў і фінансавую свабоду, значна ніжэйшую за сярэдні ўзровень. Дзяржаўная запазычанасьць павялічылася, у асноўным праз павелічэньне стратаў у дзяржаўных прадпрыемствах».

XS
SM
MD
LG