Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няспынны дзень няВолі


На вуліцах Менску, 25.03.2017
На вуліцах Менску, 25.03.2017

Карбалевіч: Можна было меркаваць, што ўлады сапраўды спужаліся акцыі апазыцыі менавіта на Дзень Волі, баяліся, што яна будзе масавай, гэта зробіць на усіх непажаданае ўражаньне. І таму ўсімі сіламі імкнуліся іх прадухіліць. Таму прыдумалі «страшылку» пра баевікоў, зброю, бутэлькі з запальнай сумесьсю, каб апраўдаць сілавы разгон.

І паводле такой лёгікі, здавалася, пасьля 25 сакавіка ўлады супакояцца, выпусьцяць усіх затрыманых, спыняць новыя рэпрэсіі і паспрабуюць адыграць сытуацыю назад.

Але не. У нядзелю 26 сакавіка ў многіх гарадах прайшлі чарговыя акцыі пратэсту ўжо на знак салідарнасьці з затрыманымі напярэдадні. Здаецца, гэта новая зьява для Беларусі. Але людзей было няшмат, некалькі дзясяткаў. Такая колькасьць людзей ніякай небясьпекі для ўладаў не ўяўляла.

Аднак быў аддадзены загад хапаць усіх, хто выходзіць на Плошчу. Таму ўсё скончылася затрыманьнямі дзясяткаў чалавек. Хоць раней улады ставіліся па-іншаму да акцыяў пратэсту ў рэгіёнах, калі на плошчу выходзіла значна большая колькасьць людзей. Тады альбо ўвогуле нікога не чапалі, альбо затрымлівалі толькі арганізатараў, лідэраў апазыцыі ды, часам, журналістаў. Цяпер хапаюць усіх.

Такім чынам, даецца ўстаноўка задушыць на корані ўсялякія акцыі пратэстаў па ўсёй краіне. Вы, Віталь, падчас перадачы ў суботу 25 сакавіка на нашым радыё ў мяне пыталіся: масавы хапун — гэта стратэгія ці тактыка ўладаў? Дык вось, гледзячы па ўсім — гэта стратэгія. Калі «справа баевікоў» ня будзе спушчаная на тармазах, калі дойдзе да суду, то ў Беларусі зноў могуць зьявіцца палітзьняволеныя.

На мой погляд, асабліва важна, што гэты хапун распаўсюджваецца на рэгіёны. Калі ў Менску людзі прызвычаіліся да затрыманьняў, то ў невялікім горадзе такая жорсткасьць уладаў павінна зрабіць дэмаралізуючае ўзьдзеяньне на людзей. На гэта і разьлік. Цяпер лёгіка ўладаў зразумелая: ня трэба, каб нас паважалі або любілі, галоўнае, каб баяліся. Стаўка на застрашваньне.

Але звычайна, калі ўлада жорстка душыць пратэст, закручвае гайкі, яна разумее, што толькі на штыхах трымаць сытуацыю ня ўдасца. Таму адначасова робіць нейкія захады, каб зьмякчыць незадавальненьне. Сталыпін, жалезнай рукою задушыўшы першую расейскую рэвалюцыю, адначасова пачаў ладзіць аграрную рэформу. Урад Янаша Кадара, здушыўшы антыкамуністычную рэвалюцыю у Вугоршчыне ў 1956 годзе, правёў эканамічныя рэформы, якія прывялі да таго, што эканамічная сыстэма ў гэтай краіне стала самай лібэральнай ў тагачасным камуністычным сьвеце, так званы «гуляшны сацыялізм». А што прапануе Лукашэнка акрамя рэпрэсіяў? Заробак 500 даляраў? Гэта несур’ёзна.

Цыганкоў: А што беларуская ўлада зрабіла пасьля нашмат больш радыкальных рэпрэсій 2010 году?

Карбалевіч: Была прынятая дырэктыва аб эканамічнай лібэралізацыі 31 сьнежня 2010 году.

Цыганкоў: А ці яна ажыцьцявілася?

Карбалевіч: Гэта іншая справа.

Цыганкоў: Пагаджуся з высновай, што на дадзены момант улада зрабіла відавочную стаўку на запалохваньне. Іншая справа, што пакуль адкрытым застаецца пытаньне, ці гэта сапраўды стратэгія, ці толькі тактыка вось гэтых тыдняў. Рашэньне пра поўнамаштабныя рэпрэсіі ўлада пакуль не прыняла, больш за тое, падзеі апошняга дня-двух кажуць пра адваротнае. Але ў любым выпадку з пункту гледжаньня тактыкі, таго, каб спыніць і прадухіліць магчымыя масавыя пратэсты, улада палічыла, што нічога ёй лепшага не застаецца, як жорстка, нават цаной страты аўтарытэту, цаной узрастаньня напружанасьці ў грамадзтве і нянавісьці да ўлады і сілавых структураў, але прадухіліць нарастаньне пратэстаў, паколькі баялася эфэкту сьнежнага кому, бо гэтыя пратэсты не спыняліся пасьля першай акцыі, як у Менску, так і ў рэгіёнах. Як будуць разьвівацца падзеі далей? Мне здаецца, рашэньне пра паўнавартасныя рэпрэсіі такога ўзроўню, як пасьля разгрому Плошчы 2010 году, пакуль не прынятае.

Дракахруст: Так, сэнс гэтых дзеяньняў у тым, каб зьбіць хвалю пратэсту. Гэтая хваля пачалася ў лютым, зь першай акцыі Міколы Статкевіча ў Менску. Насамрэч яна ахапіла ўсю краіну, па маіх адчуваньнях, а магчыма і па адчуваньнях улады, 25-е магло стаць нейкім пікам, але гэта не было звышмэтай усіх людзей, якія мелі дачыненьне да пратэсту, не было адчуваньня, што гэта апошні і рашучы бой.

І таму размова ішла ня толькі пра тое, каб прадухіліць 25-е, а каб прадухіліць, супрацьдзейнічаць гэтай хвалі, абясшкодзіць гэты пратэстны патэнцыял, які пасьля 25-га нікуды ня зьнік. Мне здаецца, што гэта пэўная помста грамадзтву за лібэралізацыю. Я мяркую, што пэўныя людзі ва ўладзе апошнія месяцы казалі: «Ну што — распусьцілі народзец?»

Значыць, трэба яго зацугліць, нагадаць, у якой краіне ён жыве. І ў гэткім выпадку няма прапорцыі паміж небясьпекай пратэсту і захадамі, якія ўжываюцца супраць яго. Цяперашнія захады — яны нават і ня супраць цяперашняга пратэсту, яны на будучыню, на тое, каб не забыліся, дзе жывуць, на гады наперад.

Зь іншага боку, усё ж пэўныя адрозьненьні ад сытуацыі сьнежня 2010 году ёсьць. Пакуль акрамя крымінальнай справы супраць так званых «баевікоў» па краіне адбываюцца масавыя затрыманьні з адміністрацыйнымі арыштамі. Канчаюцца арышты, людзі выходзяць на свабоду. Вось сёньня прэсавая канфэрэнцыя затрыманых у Маладэчне 2 тыдні таму Лябедзькі, Губарэвіча, Рымашэўскага — яны, дзякуй Богу, на свабодзе. Тое, што адбылося са Статкевічам — ён таксама, дзякуй Богу на волі, хоць, паводле яго, яго таксама хацелі далучыць да гэтай справы пра «баевікоў».

Так выглядае, што міжнародныя фактары для беларускай улады прынамсі пэўнае значэньне маюць. І нават тон заявы беларускага МЗС пра тое сьведчыць. Мы памятаем, якія заявы рабіліся ў свой час — у 2007 годзе або пасьля 2010 году — у адказ на ўсе заходнія папрокі. Сэнс іх быў, груба кажучы — ня ваша сабачая справа. А цяпер вось прыдумляюць пра баевікоў, кажуць, ну дык і вы так дзейнічаеце. Як казаў Лярошфуко, крывадушнасьць — даніна, якую загана плаціць дабрадзейнасьці. Выглядае, што ўлада дазуе сваю рэакцыю, а не паводзіць сябе як у 2010 годзе, калі ўжо зрывала ўсе тармазы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG