Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргі ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў»


Перад судом за ўдзел у «Маршы недармаедаў» 19 лютага

Паседжаньне Гарадзенскага абласнога суду адбывалася пры адсутнасьці Анатоля Мышкевіча і Яўгена Браўна, якія падавалі скаргу на рашэньне Ленінскага раённага суду Горадні. Паводле праваабаронцаў, падобнае ў гарадзенскіх судах адбываецца ўпершыню.

Сакратаром суду было паведамлена, што прычыны няяўкі Мышкевіча і Браўна невядомыя. Судзьдзя Ўладзімер Яўхута прыняў рашэньне праводзіць паседжаньне бязь іх. Яно адбывалася проста ў прысутнасьці некалькіх слухачоў.

Судзьдзя абвясьціў скаргі, у якіх і Мышкевіч, і Браўн не прызналі сябе вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 19 лютага ў Горадні, працытаваў спасылкі на міжнародныя пакты, якія Мышкевіч і Браўн прыводзілі ў сваіх скаргах, каб падкрэсьліць сваю невінаватасьць і засьведчыць тое, што пратаколы на іх складзеныя з парушэньнем іхнага права на свабоду сходаў і дэманстрацыяў.

Пасьля перапынку судзьдзя аб’явіў, што скаргі Мышкевіча і Браўна абласным судом не задаволены.

Пасьля працэсу Свабодзе ўдалося датэлефанавацца да Анатоля Мышкевіча. Прычыну сваёй няяўкі ў суд ён не патлумачыў, але сказаў, што была вельмі пільная справа і ён проста спазьніўся на паседжаньне суду.

Анатоль Мышкевіч
Анатоль Мышкевіч

— Зрэшты, іншага рашэньня я і не чакаў, бо мне добра вядома, якія ў нас суды, — нічога новага не адбылося.

Праваабаронца Віктар Сазонаў зазначыў Свабодзе, што ўпершыню за ўсе 20 гадоў прысутнічаў на працэсе, калі скаргу разглядалі ў судзе бяз тых, хто яе падаў.

Віктар Сазонаў
Віктар Сазонаў

— Відавочна, што суды атрымалі новыя каманды наконт таго, як праводзіць працэсы. Скарга разглядаецца бяз тых, хто яе пісаў, прычым усё падрабязна і па сутнасьці проста для звычайных слухачоў. Такога ніколі раней у нашых судах не назіралася. Падобна на нейкую паказуху, як у нашых судах дбаюць пра літару закону, але вынік, дакладней рашэньне суду, зачытваецца той самы, як і было раней. Зьмяняецца вокладка, а сутнасьць застаецца тая самая.

Анатоль Мышкевіч быў асуджаны рашэньнем Ленінскага суду Горадні на 25 базавых велічынь (575 рублёў) за ўдзел 19 лютага ў «Маршы недармаедаў». Яўгена Браўна асудзілі на 15 базавых велічынь (345 рублёў). Наагул за ўдзел у акцыі 19 лютага ў Горадні было асуджана 12 чалавек, тры зь іх дагэтуль адбываюць арышт у ізалятары.

Міхал Карневіч, Горадня

XS
SM
MD
LG