Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве прайшла акцыя салідарнасьці з затрыманымі ў Менску. ФОТА


А 12-й гадзіне дня ў Магілёве людзі пачалі зьбірацца на вуліцы Ленінскай пасьля закліку ў сацыяльных сетках зьбірацца для акцыі, пра мэту якой не паведамлялася. Адгукнуліся каля 50 чалавек.

Людзі на працягу гадзіны зьбіраліся невялікімі групамі на месцы збору і абмяркоўвалі між сабой апошнія падзеі ў Менску і іншых гарадах Беларусі, дзе сьвяткавалі Дзень Волі.

Тут жа сабралася каля 20 дужых хлапцоў у цывільным. Трое зь іх вялі відэафіксацыю таго, што адбывалася на Ленінскай. Імі камандаваў адзін з кіраўнікоў Ленінскага аддзелу міліцыі Магілёва Юры Калацілкін. Таксама на месцы збору людзей быў заўважаны намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Магілёўскай вобласьці Сяргей Волкаў.

Найбольш папулярным словам сярод людзей, што сабраліся на Ленінскай, было слова «шуняўкі». Гэтае слова людзі не баяліся і не саромеліся казаць у твар тым, хто вёў відэафіксацыю. Гучалі патрабаваньні, каб гэтыя людзі назваліся і прадставіліся.

Спробы распачаць мітынг не было. Не было і інцыдэнтаў з праваахоўнікамі.

Тыя, хто сабраўся на Ленінскай, казалі, што яны прыйшлі падтрымаць затрыманых учора ў Менску. Некаторыя згадвалі імя Мікалая Статкевіча, за лёс якога яны непакояцца і баяцца, каб зь ім ня сталася таго, што сталася са зьніклымі палітыкамі ў канцы 90-х гадоў. На пытаньне, ці ня страшна было прыйсьці, людзі адказвалі, што ім ужо няма чаго губляць, яны, маўляў, сваё адбаяліся за два дзясяткі гадоў, пакуль кіруе Лукашэнка.

На дадзены момант натоўп разышоўся, але ў навакольлі застаюцца дужыя хлопцы ў цывільным.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG