Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніну Багінскую адпусьцілі без пратаколу, унучкі Яны дагэтуль няма


АМАП затрымлівае Ніну Багінскую. Менск, 25 сакавіка 2017 году

Актывістка Ніна Багінская 25 сакавіка зьбіралася ісьці на Дзень Волі зь 19-гадовай унучкай Янай, але дзяўчына пайшла крыху раней зь сябрамі.

Яна патэлефанавала бабулі, што горад перакрыты. Спадарыня Ніна ня здолела прарвацца да Акадэміі навук, дварамі выйшла на плошчу Якуба Коласа, да будынка былога Інстытуту фізкультуры.

«Я ўбачыла, што праспэкт ужо перакрыты двума шэрагамі АМАПу ў раёне скрыжаваньня з вуліцай Дарашэвіча. Яна дастала бела-чырвона-белы сьцяг, замацавала яго на вуду і падняла ўгору. Хацела прайсьці да помніка Якубу Коласу. На мяне ззаду наваліліся некалькі амапаўцаў у масках, вуду зламалі, запіхнулі мяне ў аўтазак, які быў ужо поўны народу. Але верхнюю частку вуды са сьцягам мне ўдалося выхапіць — яго забралі ўжо ў пастарунку. У аўтазаку мужчыну ва ўзросьце стала кепска, людзі прасілі выклікаць „хуткую дапамогу“, але міліцыянты адмовіліся.

Ніна Багінская падчас затрыманьня
Ніна Багінская падчас затрыманьня

Адвезьлі ў Першамайскае РУУС. Каля пастарунку было ўжо шмат людзей. Усіх паставілі тварам да сьцяны, ногі на шырыні плячэй, і больш за гадзіну людзі так стаялі. Са знаёмых я заўважыла Вольгу Мікалайчык. Празь некаторы час загналі ўсіх у спартовую залю. У залі крычала радыё, песьні на расейскай мове».

Я называць сябе адмовілася, заявіўшы:

«На вашай мове я не размаўляю».

Міліцыянты мяне пазналі і прымусілі сесьці асобна ад ўсіх затрыманых. Людзей абшуквалі, прымушалі разьдзявацца да бялізны. Хтосьці засьпяваў «Магутны Божа», я падтрымала. Тады музыку ўключылі яшчэ мацней, каб іх заглушыць. Кіраваў усім чалавек у цывільным шэрым гарнітуры. Калі прайшлі 3 гадзіны з моманту затрыманьня, людзі пачалі патрабаваць, каб іх выпусьцілі. Прыкладна а 17.30 начальнік у шэрым сказаў:

«Багінская, на выхад». Мяне праводзілі воклічамі «Жыве Беларусь!» Пратаколу не складалі", — распавяла Свабодзе спадарыня Багінская.

Унучкі Яны дагэтуль няма. Сын Багінскай высьветліў, што дзяўчыну затрымалі каля моста празь Сьвіслач у раёне плошчы Перамогі і адвезьлі ў Савецкае РУУС.

Ніна Багінская зьбіраецца ісьці ў пастарунак высьвятляць лёс унучкі, а пасьля — у паліклініку, бо калі затрымлівалі, моцна пашкодзілі калена.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG