Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да бацькоў «графіціста» Пякарскага прыехалі «людзі ў цывільным», пажарныя і міліцыя. Ператрус у жывым эфіры


Максім Пякарскі

У Смаргоні ў кватэру бацькоў Максіма Пякарскага, былога фігуранта «справы графіцістаў», спрабавалі трапіць «людзі ў цывільным», цяпер прыйшла міліцыя. Яны хочуць правесьці ператрус у Максіма Пякарскага, хоць у кватэры ён не жыве і не прапісаны. Ягоная сястра Настасься вядзе жывыя трансьляцыі на Facebook, у тым ліку трансьляцыю ператрусу:

Маці Натальля распавядала Свабодзе перад пачаткам ператрусу:

«Да нас ламаліся зь 7 вечара ўчорашняга дня невядомыя ў цывільнай адзежы. Мы іх бачылі потым з акна, а паколькі ў мяне вочка ў дзьвярах няма, дык баялася нават адчыніць. Грукаліся, цэлую ноч тут хадзілі-езьдзілі. Потым адключылі электрычнасьць, праз 3-4 гадзіны толькі ўключылі. І ўсё адно па тры-чатыры машыны езьдзілі. Ходзяць тут навокал у капюшонах натрэнаваныя малойчыкі.

А 8-й раніцы прыслалі тры машыны пажарных. Думалі, будуць ламацца ў вокны, дык пачалі фільмаваць іх. Тры машыны пад’яжджалі па адным разе, цяпер зьехалі. Цяпер прыйшла міліцыя, пайшлі па панятых. Міліцыянт, я так разумею, участковы.

Я ня ведаю, чаго яны хочуць, бо мой сын тут не прапісаны і не жыве, ніякіх ягоных рэчаў тут няма, толькі мае. У пастанове адрас мой, а пастанова на сына. Значыць, пастанова няправільная, калі ён тут не жыве і не зарэгістраваны? А я законапаслухмяная, я ня ведаю, чаго яны хочуць, я баюся».

Максіма Пякарскага не было ў сьпісе затрыманых «недармаедаў». Але днём раней у Смаргоні прайшоў ператрус у іншага фігуранта «справы графіцістаў» Вадзіма Жаромскага, на якога нібыта завялі крымінальную справу за «апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці» — за распісваньне райвыканкаму ўвесну 2015 году.

XS
SM
MD
LG