Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ: Пад Магілёвам затрыманыя двое расіян з пнэўматычнай і шумавой зброяй

  • БелаПАН

У Магілёўскім раёне затрыманая машына «Лада-Гранта» з расейскімі нумарамі. Двое маладых людзей з Бранску нібыта ехалі на экскурсію ў Берасьцейскую крэпасьць. «Праўда, навошта турыстам такі дзіўны багаж у выглядзе пнэўматыкі і сыгнальна-шумавых пісталетаў, растлумачыць яны ня здолелі», — гаварылася ў рэпартажы праграмы «Панарама» тэлеканалу «Беларусь-1», паказаным увечары 25 сакавіка пасьля акцыяў у Дзень Волі, на 99-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці БНР.

«Падчас праверкі дакумэнтаў у салёне расіян міліцыя знайшла два пнэўматычныя пісталеты, адзін зь якіх зьнешне падобны на „Узі“, электрашокер, мэталёвыя кулі для пнэўматыкі, газавы балён для газавай зброі, патроны для шумавога пісталета, дубінку, шапкі з прарэзамі для вачэй, мотаэкіпіроўку і сьцяг савецкай Украіны... Расіян даставілі ў Магілёўскі райаддзел для разьбіральніцтва, іх маёмасьць канфіскаваная і праводзіцца праверка», — гаварылася ў рэпартажы тэлеканалу.

Беларускае тэлебачаньне таксама паведаміла, што 24 сакавіка ў міліцыю паступіла інфармацыя, што нейкія людзі спрабуюць арганізаваць правакацыі супраць мірных грамадзян на мітынгу ў суботу. «У трох раёнах Менску — Ленінскім, Заводзкім і Фрунзэнскім — праваахоўныя органы правялі комплекс апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў».

«У выніку пяцёх чалавек затрымалі. Ёсьць падставы меркаваць, што ў плянах гэтых людзей былі далёка ня мірныя мэты. Зыходзячы ўжо з таго, што было знойдзена ў іх дома, — абʼвясьціла вядучая праграмы. — У выніку падчас ператрусаў па месцы жыхарства кожнага былі выяўленыя пнэўматычная і халодная зброя, кайданкі, лёгкаўзгаральныя рэчывы і хімічныя рэактывы, балаклявы і навучальная літаратура для анархістаў, напрыклад, кніга Эрыка Малатэсты. Яшчэ некалькі кніг па зброі і тактыцы вядзеньня бою. Цяпер дзеяньням затрыманых даецца прававая ацэнка, увесь матэрыял канфіскаваны і накіраваны на экспэртызу».

XS
SM
MD
LG