Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: уначы і раніцай 25 сакавіка напярэдадні Дня Волі працягваюць затрымліваць актывістаў


Ілюстрацыйнае фота

Уначы і раніцай, напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка, у Беларусі працягваліся затрыманьні грамадзянскіх актывістаў, палітыкаў і проста грамадзян, якія зьбіраліся патрапіць у Менск на акцыю, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Праваабаронцы вядуць спіс затрыманых і асуджаных.

Берасьце. Уначы 25 сакавіка ў Берасьці затрыманы адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Уладзімер Някляеў. Ён вяртаўся з Польшы цягніком у Менск.

Бяроза. За 5 хвілінаў да адыходу цягніка на Менск на пэроне быў затрыманы праваабаронца Сяржук Русецкі. На падыходзе да пэрону да яго пад’ехала міліцэйская машына, у якой сядзелі старэйшы лейтэнант і маёр, якія прапанавалі сесьці ў машыну, дакумэнтаў не прад’яўлялі, не прадстаўляліся, але машына з надпісам міліцыя і людзі ў форме. Зараз прывезьлі ў РАУС Бярозаўскага раёну.

Ваўкавыск. Актывіста Віталя Гуляка затрымалі ўначы на чыгуначным вакзале, гадзіну трымалі на вакзале, тры гадзіны ў РАУСе, потым завезьлі дахаты, і пільнуюць, каб не выходзіў з дому.

Менск. Увечары ў Менску была затрыманая Ганна Сівакова, уначы яе даставілі ў Маскоўскі РУУС, дома адбыўся ператрус.

Наваполацак. Уначы супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіcтку Тацяну Ладукас. За ёй доўга сачылі людзі ў цывільным. Нарэшце затрымалі і даставілі ў Наваполацкі ГАУС. Зараз яе павезьлі ў Сьледчы камітэт Наваполацка.

Таксама затрыманы і актывіст БХК Юры Бельскі. Ён атрымаў позву зьявіцца ў Сьледчы камітэт, аднак не пайшоў. Раніцай стала вядома, што яго затрымалі, калі выходзіў з дому ехаць у Менск. Цяпер знаходзіцца ў РАУС.

Рэчыца. Раніцай затрымалі грамадзкага актывіста Алега Шабетніка на чыгуначным вакзале. Вязуць у РАУС.

Непасрэдна зь цягніка, які рухаўся ў Гомель, зьнялі рэчыцкага блогера Дзьмітрыя Лебедзева і Антона Варанцова. Вязуць у Рэчыцкі РАУС.

Слонім. Раніцай, 25 сакавіка, каля ўласнай хаты ў Слоніме супрацоўнікі ДПС затрымалі сябра Слонімскага згуртаваньня дэмакратычных сіл Уладзімера Літвіна. Калі Ўладзімер запытаўся, за што яго затрымліваюць, супрацоўнікі ДПС сказалі, што за ўдзел у слонімскім «Маршы недармаедаў». Маўляў, ім загадалі затрымаць і прывесьці ў пастарунак. Цяпер Уладзімер Літвін знаходзіцца ў Слонімскім РАУСе.

Іван Бедка затрыманы на выхадзе з свайго пад’езду, яго завезьлі ў РАУС — нібыта лаяўся матам. Грамадзкія актывісты Міхал Сошка і Алесь Масюк фактычна заблякаваныя ў адным з дамоў, іх пільнуюць супрацоўнікі міліцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG