Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры пытаньні пра «бункеры Белага Легіёну» ў Налібацкай пушчы


Беларускія тэлеканалы два дні запар паказваюць сюжэты пра тайнік зброі ў Налібацкай пушчы, побач зь вёскай дзе я вырас. Лясы і балоты гэта, вядома ж, ідэальнае месца для патэнцыйных баевікоў. Але...

Месца, дзе нібыта закапалі дзьве бочкі, знаходзіцца паміж Налібакамі і Церабейным. У сюжэце відаць густы лес, але мясцовыя людзі кажуць, што заўважылі ў чацьвер ранкам групу людзей з тэлекамэрамі амаль пры самай дарозе, у месцы, якое налібачане называюць капліцай. Некалі там была драўляная капліца, а цяпер там стаіць крыж.

Чаму нейкія радыкалы, у якіх нібыта сур’ёзныя намеры і моцная кансьпірацыя, закопвалі бочкі пры самай дарозе?

Менавіта побач зь ім цэлы дзень правялі «госьці» са сталіцы. Прыблізна ад 7-й раніцы да 15-й гадзіны. Гэта не балота, і нават не густы лес. Гэта мясьціна за 10 мэтраў ад асфальтаванай дарогі, якой даяркі езьдзяць на кароўнік, трактары возяць сілас, і па якой гойсаюць аўтобусы і матацыклы. Гэта рэдкі лясок на ўскрайку, куды нават кіроўцы ў туалет пасаромеліся б пайсьці. Усё — як на далоні. Пытаньне нумар 1: чаму нейкія радыкалы, у якіх нібыта сур’ёзныя намеры і моцная кансьпірацыя, не абралі месцам для бункера гушчар хаця б за некалькі дзясяткаў мэтраў ад дарогі, а закопвалі бочкі пры самай дарозе? Чаму тады ўжо не каля аўтастрады?

Чаму ў тэлесюжэце меркаваны радыкал адказвае на пытаньні, якіх мы ня чуем?

Пытаньне нумар 2 чыста тэхнічнае. Чаму ў тэлесюжэце меркаваны радыкал адказвае на пытаньні, якіх мы ня чуем? Мы чуем пытаньні ад дыктара, якога не чуе меркаваны радыкал. Чаму аўтары пазьбягаюць непасрэднай камунікацыі і прымушаюць гледача здагадвацца, а якім жа было арыгінальнае пытаньне. Ну, напрыклад, кажа «белалегіёнавец»: — Да, знаю, это оборонительное, а это наступательное" (відаць, пра зброю). Дык а якім было пытаньне: гэта ваша зброя? А можа яно гучала: а ці ведаеце вы ў прынцыпе, для чаго такая зброя можа выкарыстоўвацца? Пагадзіцеся, гэта дзьве розныя сытуацыі. І пытаньне ў кадры, а не за кадрам, не прымусіла б гледача гадаць.

Пытаньне нумар тры. У чацьвер супрацоўнікі спэцслужбаў распытвалі мясцовых жыхароў, ці бачылі яны калі-небудзь падазроных людзей у камуфляжы і з шаўронамі. Узоры ім былі прадэманстраваныя. Мясцовыя прыгадвалі, што ўлетку такія людзі цягаліся па вёсцы. Менавіта ў такой форме, і з такімі шаўронамі.

Я ў стане паверыць сваім землякам. Адзін зь іх распавёў мне, што нават прасіў чалавека ў камуфляжы пасунуцца ад дзьвярэй крамы, куды ён ня мог зайсьці, бо яму замінала «туша» госьця, які загараў каля сяльпо.

Менавіта гэтых незнаёмцаў у апошнім сюжэце на дзяржаўных каналах прадставілі як меркаваных радыкалаў, якія закапалі там зброю. Уяўляеце? Падпольная арганізацыя, удзельнікі якой ня толькі не хаваюць сваю прыналежнасьць да яе, а нават і апранаюцца ў камуфляж, з шаўронамі. Едуць, як падказвае нам дзяржаўная тэлевізія, у пушчу, красуюцца там у самым шматлюдным месцы вёскі і закопваюць зброю каля асфальтавай дарогі, дзе шастаюць цікаўныя пушчанцы з вачыма на патыліцы. І што гэтыя радыкалы там закопваюць, апрача зброі? Мэталічную арматуру, якой поўна па ўсёй краіне.

Навошта радыкалы рабілі гэта як мага больш дэманстратыўна?

Дык, уласна, пытаньне нумар 3: навошта радыкалы рабілі гэта як мага больш дэманстратыўна? Чаму куплялі квас у вёсцы, дзе, нібыта, зрабілі тайнік, а не ў суседняй? Няўжо яны не баяліся быць заўважанымі і выкрытымі? А можа мэтаю іхнага летняга візыту было акурат тое, каб мясцовыя запамяталі дзівакоў у камуфляжы, з шаўронамі, якія загаралі на бэтоне каля крамы, прыцягваючы ўвагу цікаўных да чужынцаў вясковых людзей? Запамяталі дзеля таго, каб у сакавіку іх нехта спытаў: дык а вы памятаеце такіх во і такіх, і каб гэта стала адным з доказаў таго, што гісторыя мае рукі і ногі?

Я не чакаю, што мне нехта адкажа на гэтыя пытаньні. Яны ўзьнікаюць самі па сабе, бо я бачу наколькі дзіўнай і цьмянай выглядае гэтая гісторыя. Гісторыя пра няпужаных экстрэмістаў зь неіснуючай 17 гадоў арганізацыі, якія пад носам спэцслужбаў у самай паліцэйскай краіне Ўсходняй Эўропы вязуць мэталалом са зброяй у пушчу, каб потым закапаць іх каля асфальтаванай дарогі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG