Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група моладзі перад брамай Асьвенціму забіла ягня і разьдзелася дагала. Там былі 4 беларусы


Зьнявага помніка або іншага сымбалічнага месца — так польская паліцыя кваліфікавала дзеньні 11 чалавек затрыманых апоўдні ў пятніцу каля брамы «Arbeit macht frei» у Асьвенціме. Сярод затрыманых — чацьвёра грамадзянаў Беларусі.

За гэткае парушэньне пагражае штраф або абмежаваньне свабоды, паведамляе wyborcza.pl.

Паліцыя, аднак, не выключае магчымасьці іншых пунктаў абвінавачаньня. Пра гэта будзе паведамлена пасьля збору ўсіх фактаў, сказала прадстаўніца паліцыі ў Асьвенціме Малгажата Юрэцка.

Паводле інфармацыі музэю, каля 14.00 паводле мясцовага часу група асобаў каля галоўнай брамы канцлягеру Асьвенцім забіла ягня і разьдзелася дагала. На паркінгу перад уваходам у музэй была ўзарваная ракета.

Ягня было прынесенае ў заплечніку, яго забілі перад брамай, што было зафіксавана на камэры сачэньня Асьвенцімскага музэю. Пасьля гэтага ўсе адзінаццаць парушальнікаў разьдзеліся дагала.

— Яны мелі з сабой кайданкі, але не пасьпелі імі скавацца. Яны таксама прынесьлі з сабой белае палатно з надпісам «love», — паведаміў прадстаўнік малапольскай паліцыі Сэбастыян Глень.

Супрацоўнік музэю Барташ Бартызэль паведаміў, што адразу пасьля пачатку інцыдэнту ў яго ўмяшалася музэйная ахова. Тэрыторыя была закрытая для наведнікаў, на месца здарэньня выклікалі паліцыю.

Паліцыя паведамляе пра затрыманьне 11 чалавек: 6 палякаў, 4 беларусаў і 1 немца (7 мужчын і 4 жанчыны) ад 20 да 27 гадоў. Паводле мас-мэдыяў, гэтак яны зьбіраліся пратэставаць супраць вайны ва Ўкраіне.

Паліцыя высьвятляе, ці нехта дапамог ім пранесьці на тэрыторыю музэйнага комплексу заплечнік з ягнём і кайданкамі.

Музэй у сваёй заяве падкрэсьліў, што выкарыстаньне сымболікі Асьвенціму для якіх бы то ні было дэманстрацыяў або хэпэнінгаў — абуральнае і вартае пакараньня. Гэта абражае памяць ахвяраў нямецкага канцлягеру.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG