Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: Пакаленьне культурных і адукаваных скошваюць, як траву


Партыя КХП-БНФ адмовілася ад акцыі 25 сакавіка ў Кіеўскім сквэры. Падчас мітынгу плянавалася абвесьціць пра стварэньне руху «Вольная Беларусь», пра што раней заявіў Зянон Пазьняк.

«Кіеўскі сквэр — гэта афіцыйна вызначанае Менгарвыканкам месца для масавых акцыяў. Мы патрабуем правесьці там мітынг ужо 12 гадоў і ўвесь час нам не дазвалялі. То рамонт, то дрэвы пачынаюць карэньнем уверх расьці. Было адчуваньне, што сёлета дазволяць. Але пасьля таго, як мы заявілі, што абвесьцім там пра стварэньне руху «Вольная Беларусь», нашым заяўнікам проста адказалі — мы вам паведамім».

Па законе афіцыйны адказ ад гарадзкіх уладаў павінен быць не пазьней за 5 дзён да акцыі. Але да гэтага часу заяўнікі не атрымалі ні дазволу, ні забароны.

«Некаторых нашых заяўнікаў выклікалі сёньня а 17.00 гадзіне ў Менгарвыканкам Гэта цынічнае і нахабнае пляваньне на закон і людзей. Мы ж бачым, што адбываецца ў краіне. Яны нагоняць туды спэцназу, тэхнікі. Гэта самазабойства, мы ня хочам падстаўляць людзей пад дубінкі. Сёньня яны павыводзілі людзей з аўтаматамі. Гэта робіцца не для запалохваньня патэнцыйных удзельнікаў акцыі 25 сакавіка. Гэта рэальныя рэпрэсіі. Схапілі 300 чалавек, пачалі крымінальныя справы і асудзяць за нішто. Бяруць культурных, аўтарытэтных і ўплывовых. Гэта называецца зачыстка па іхняй тэрміналёгіі. Вось нарасло за 5-6 гадоў пакаленьне культурных і адукаваных і яго скошваюць, як траву. Гэта такая палітыка».

Падзеі апошніх тыдняў Пазьняк называе гібрыднай вайной і лічыць яе выгаднай Крамлю.

«Ім вельмі выгадна, каб усіх гэтых людзей, якія ўсьведамляюць нацыянальныя задачы, якія б змаглі абʼяднаць вакол сябе людзей, пазьнішчалі. Трэба абудзіцца ўсёй нацыі і зразумець, што мы павінны бараніцца. Гэта пераломны час. Бліжэйшыя дні павінны шмат што нам сказаць. Інакш прыйдуць і зробяць тое, што ўжо было ў 1930-ых гадах. Трэба выступаць за сваю краіну, за сваю нацыю і мову. Гэта і ёсьць правільны шлях»

Палітык таксама распавёў, што адмова ад плянаў правесьці акцыю ў Кіеўскім сквэры ніяк не паўплывае на стварэньне руху «Вольная Беларусь». Паводле яго словаў, стварэньне структураў руху ўжо пачалося. Першачарговымі мэтамі новага руху Пазьняк назваў: адмену Дэкрэту № 3, адстаўку Аляксандра Лукашэнкі, адстаўку старшыні ўраду Андрэя Кабякова і старшыні ЦВК Ярмошынай.

«Трэба шмат што напраўляць у краіне. Трэба ліквідаваць інстытут ідэолягаў, адмяніць кантрактную сыстэму, правесьці рэформу пэнсійнай сыстэмы, стварыць новы ЦВК, вярнуць Канстытуцыю 1994 года і правесьці новыя выбары, вярнуць бел-чырвона-белага сьцягу і гэрбу Пагоня, правесьці эканамічныя рэформы, дывэрсыфікаць энэргарэсурсы, уладкаваць дзяржаўную мяжу. Магчыма цяпер, людзі якія прачнуліся, рэальна ўсё ўбачаць. Бо людзі былі асьлепленыя прапагандай і абяцаньнем дабрабыту. А змагацца трэба за волю, свабоду і ідэалы, за свабодную Беларусь. Вось тады будзе і дабрабыт, і хлеб, і вада. Калі змагацца толькі за дабрабыт, то ня будзе ні хлеба, ні свабоды».

Камэнтуючы суботнюю акцыю з нагоды Дня Волі, Пазьняк заўважае, што паводзіны ўлады сьведчаць аб вялікай імавернасьці правакацыі

«Яны могуць выкарыстаць сваіх людзей. Таму мы павінны быць вельмі асьцярожныя, разумныя. Актыўныя людзі павінны спыняць правакатараў. Гісторыя дае беларусам шанец разумна паказаць сваю калектыўную сілу. Я спадзяюся, што разумныя беларусы сваім розумам скарыстаюцца».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG