Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць спыніць нагнятаньне гістэрыі і атмасфэры страху


Узброеныя амапаўцы ў цэнтры сталіцы

Праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі 24 сакавіка выступілі з супольнай заявай «Патрабуем спыніць нагнятаньне гістэрыі і атмасфэры страху ў беларускім грамадзтве і забясьпечыць выкананьне правоў чалавека».

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяў канстатавалі значнае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў краіне, асабліва пасьля мірных сходаў грамадзянаў супраць Дэкрэту прэзыдэнта № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

«Нягледзячы на абсалютна мірны характар гэтых сходаў, уладамі краіны былі распачатыя рэпрэсіі ў дачыненьні да іх удзельнікаў і арганізатараў. Пад хвалю рэпрэсій трапілі лідэры і актывісты палітычных партый, грамадзкіх абʼяднаньняў, праваабаронцы, блогеры і журналісты шэрагу незалежных СМІ, звычайныя грамадзяне. Уладамі быў задзейнічаны і выкарыстаны шырокі спэктар найгоршых рэпрэсіўных практык: адвольныя затрыманьні, масавае выкарыстаньне адміністрацыйных арыштаў, вобшукі ў офісах дэмсіл і прыватных памяшканьнях, буйныя штрафы.

Асаблівую занепакоенасьць выклікаюць выпадкі перасьледу праваабаронцаў і журналістаў у сувязі з прафэсійнай дзейнасьцю».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пачынаючы з 3 сакавіка за ўдзел у мірных сходах былі рэпрэсаваныя каля 300 чалавек, больш за 100 зь іх зазналі адміністрацыйныя арышты.

21–22 сакавіка стала вядома пра шматлікія затрыманьні грамадзян па крымінальнай справе аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (частка 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу). Усе затрыманыя зьмешчаны ў СІЗА КДБ і СІЗА № 1. Паводле інфармацыі КДБ, затрыманыя 26 чалавек, апэратыўна-сьледчыя дзеяньні працягваюцца, могуць быць новыя затрыманьні.

Прадстаўнікі сілавых ведамстваў неабгрунтавана ўжываюць грубую фізычную сілу. Да затрыманых не дапускаюць адвакатаў.

Масавыя рэпрэсіі пры судзеяньні ўладаў суправаджаюцца прапагандысцкай кампаніяй у дзяржаўных СМІ, скіраванай на нагнятаньне гістэрыі і атмасфэры страху ў мэтах запалохваньня грамадзтва.

Прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці Беларусі патрабуюць ад уладаў:

  • «Неадкладна спыніць нагнятаньне гістэрыі і атмасфэры страху ў беларускім грамадзтве.
  • Вызваліць усіх асобаў, якія зазналі адвольныя затрыманьні ці адміністрацыйныя арышты за ўдзел у мірных сходах і выказваньне меркаваньня.
  • Забясьпечыць няўхільнае выкананьне ўсіх працэсуальных гарантый асобам, узятым пад варту ў межах заведзенай крымінальнай справы; устрымацца ад любых формаў ціску на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу, у тым ліку — адвакатаў.
  • Забясьпечыць правы грамадзян на мірныя сходы і выказваньне меркаваньня, устрымацца ад ужываньня гвалту ў дачыненьні да іх, не перашкаджаць журналістам у іх прафэсійнай дзейнасьці».

Заяву падпісалі: Праваабарончы цэнтар «Вясна», Цэнтар прававой трансфармацыі, Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць», Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звоскава, Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар.

XS
SM
MD
LG