Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне назвалі прозьвішча забойцы расейскага дэпутата


Дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка агучыў імя забойцы былога дэпутата Дзяржаўнай Думы Расеі Дзяніса Вараненкава. Паводле Герашчанкі, Вараненкава застрэліў 28-гадовы грамадзянін Украіны Павал Паршоў, родам з Севастопалю, завэрбаваны расейскімі спэцслужбамі.

«За сваё жыцьцё Павал Паршоў ніводнага разу, ніколі афіцыйна не выяжджаў за мяжу Ўкраіны. Але ў лютым 2015 году ён перасек мяжу Ўкраіны, прайшоўшы пешшу праз адзін з КПП на мяжы з Беларусьсю. У Расеі, дзе ён знаходзіўся перад перакідваньнем ва Ўкраіну, ён прайшоў курс спэцыяльнага навучаньня ў школе для дывэрсантаў, створанай яшчэ ў часы сталінскага НКВД», — паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook народны дэпутат Украіны Антон Герашчанка.


Паводле яго, менавіта ў Расеі Паршоў атрымаў заданьне ўкараніцца ў адно з падразьдзяленьняў Узброеных сіл ці Нацыянальнай гвардыі і рабіць выгляд, што ён звычайны жаўнер. «Здаровы, моцны малады чалавек, грамадзянін Украіны, пасьпяхова выканаў задачу расейскіх спэцслужбаў і год праслужыў у адным з падразьдзяленьняў Нацыянальнай гвардыі. У баявых дзеяньнях удзелу ня браў. Звольніўся ў жніўні 2016 году, пасьля чаго чакаў з Масквы каманды дзейнічаць», — удакладніў народны дэпутат.

Антон Герашчанка таксама паведаміў, што ў сувязі з гэтым будуць перагледжаныя крытэрыі праверкі пры прыёме грамадзян на службу ва Ўзброеныя сілы, Нацыянальную гвардыю ды іншыя сілавыя структуры Ўкраіны на прадмет магчымай датычнасьці да працы на спэцслужбы Расеі.

У той жа час на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў Украіны імя Паўла Пашова ад 2011 году знаходзіцца ў базе асоб, якіх шукаюць за зьдзяйсьненьне злачынства. Паводле гэтай інфармацыі, ён абвінавачваўся ў адмываньні даходаў, атрыманых злачынным шляхам. Крымінальная справа была адкрыта ў Днепрапятроўскай вобласьці.



Дзяніса Вараненкава застрэлілі 23 сакавіка ў цэнтры Кіева, на вуліцы Пушкінскай каля гатэлю «Прэм’ер-палац». Да эміграцыі ва Ўкраіну і атрыманьня ўкраінскага грамадзянства ён прадстаўляў фракцыю Кампартыі Расеі ў Дзяржаўнай Думе Расеі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG