Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя вартуе Лагвінца ў лякарні, сыну не даюць зь ім паразмаўляць


Алесь Лагвінец, архіўнае фота

Палітыка Алеся Лагвінца, зьбітага пры затрыманьні 23 сакавіка, пасьля спробы суду адвезьлі ў лякарню: у яго пералом носу, закрытая чэрапна-мазгавая траўма і страсеньне мозгу.

Ягоны сын Антось Лагвінец, якога затрымлівалі разам з бацькам, але адпусьцілі, бо «ёсьць загад браць толькі Алеся Лагвінца», з бацькам ня мае кантакту. Ён распавядае Свабодзе:

«Тэлефанаваў ягоны сусед па палаце, ён паведаміў, што ўсё добра, уначы нікуды не вывозілі. Але міліцыянты ў форме, якіх прызначылі ахоўваць, усю ноч стаялі, былі зь імі.

Зараз будзем накіроўвацца да шпіталя, ставіць варту, каб ведаць, калі яго на суд павязуць ці на далейшае абсьледаваньне, бо наўпроставага кантакту зь ім ня маю, ягоны тэлефон апісалі.

Што з суду вядома, што яго вінавацяць у дробным хуліганстве, 17.1 КоАП. Пратаколу тата не падпісваў, бо быў нязгодны зь ім. Дэталі пратаколу яму не зачытвалі».

З пачатку сакавіка былі затрыманыя, пасаджаныя за краты ці аштрафаваныя ў сувязі з «Маршамі недармаедаў» больш за 300 чалавек, Дзень Волі ў турме сустрэнуць больш за 120 чалавек. У ліку затрыманых — доўгі шэраг палітыкаў, у тым ліку лідэры АГП, БХД, руху «За свабоду» і «Маладога фронту», чальцы іншых партыяў і рухаў, а таксама шараговыя ўдзельнікі «Маршаў недармаедаў» і людзі, якія заяўлялі, што нават не хадзілі на маршы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG