Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды, арышты, зьбіцьцё. Дзень 13. Жывы блог

У Беларусі два тыдні ідуць масавыя суды над удзельнікамі «Маршаў недармаедаў», ужо затрыманыя ці асуджаныя да арышту ці штрафу больш за 300 «недармаедаў», больш за 120 чалавек сустрэнуць Дзень волі ў турмах. За апошнія дні 26 чалавек былі арыштаваныя па справе «Белага легіёну» і «Маладога фронту» пасьля заявы Лукашэнкі пра «лягеры баевікоў». Іх абвінавачваюць у крымінальным злачынстве — падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў з выкарыстаньнем зброі.

Суды, затрыманьні, зьбіцьцё. Дзень 12

Яны сустрэнуць Дзень Волі ў турме. Поўны сьпіс затрыманых і арыштаваных. Абнаўляецца

Вынікі дня: Колькасьць затрыманых дасягнула 300 (Відэатрансьляцыя)

10:11 24.3.2017

Затрымалі кіраўніка клюбу «Патрыёт» Міколу Міхалькова. Зранку адпусьцілі

Сяргей Чыслаў (Бульба) паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», што 23 сакавіка а 19.07 быў затрыманы былы спэцназавец Мікола Міхалькоў — кіраўнік афіцыйна зарэгістраванага вайскова-спартовага клюбу «Патрыёт».

У гэты дзень ён быў запрошаны на размову ў КДБ Бабруйску, але пасьля ня выйшаў на сувязь. А 10-ай раніцы стала вядома, што Мікіту Міхалькова адпусьцілі.

09:58 24.3.2017

За пост «УКантакце» — 15 базавых

Аднаго з абвінавачаных за пасты ў сацсетках, жыхара Гомля Дзьмітрыя Сянкевіча суд аштрафаваў на 15 базавых велічыняў (345 рублёў) за «заклік выйсьці на плошчу і зрабіць рэпост». У посьце зь ягоным подпісам у ВК-суполцы «Stop Luka» быў заклік выходзіць на гомельскі «Дзень волі» ў «масках ананімуса» — сама акцыя на Дзень Волі ў Гомелі не санкцыянаваная ўладамі (як і апошнія 12 год), а нашэньне масак на мітынгах незаконнае.

«Маска ананімуса», ілюстрацыйнае фота
«Маска ананімуса», ілюстрацыйнае фота

09:53 24.3.2017

У Гомелі інваліда Макарава засудзілі да 7 сутак

Інваліда Андрэя Макарава прызналі вінаватым у закліках на несанкцыянаваную акцыю пратэсту, распаўсюджаных праз «Фэйсбук».

У Цэнтральным судзе Гомеля адбыўся разгляд адміністрацыйнага пратаколу у дачыненьні да інваліда Андрэя Макарава, складзенага начальнікам аддзелу аховы грамадзкага парадку Цэнтральнага РАУС падпалкоўнікам міліцыі Ўладзіславам Шукелем паводле артыкулу 23.34 КаАП.

Міліцыянты забіраюць Макарава на суткі
Міліцыянты забіраюць Макарава на суткі

Раней Андрэя Макарава ўжо аштрафавалі на 25 базавых велічыняў за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Гомелі 19 лютага.

Андрэй Макараў стаў інвалідам, калі служыў у паветрана-дэсантных войсках. Іх падразьдзяленьне кінулі на разгон дэманстрантаў у Азэрбайджане ў 1990 годзе. Там ён атрымаў удар жалезным прутом у правае брыво і вока. Пасьля дэмабілізацыі працаваў на прадпрыемстве таварыства сьляпых «Віпра», але яно збанкрутавала. Жыве Макараў зь сям’ёю на ягоную сьціплую пэнсію па інваліднасьці.

«Патрэбны эканамічныя рэформы і свабодныя выбары. Інакш Беларусь ня выжыве», — лічыць інвалід Макараў.

09:46 24.3.2017

Судзяць Мікалая Казлова

Затрыманы ўчора намесьнік старшыні АГП Мікалай Казлоў цяпер у судзе. Прадстаўнікі АГП пакуль ня ведаюць, за што менавіта судзяць Казлова, але дапускаюць, што суд зьвязаны з «Маршам абураных беларусаў», што прайшоў яшчэ 17 лютага.

Мікалай Казлоў, архіўнае фота
Мікалай Казлоў, архіўнае фота

09:42 24.3.2017

Новыя суды ў Гомелі — судзяць інваліда за інфармацыю ў «Фэйсбуку»

У Цэнтральным судзе ў 9.15 пачнецца разгляд адміністрацыйнага пратаколу у дачыненьні да інваліда Андрэя Макарава, складзенага начальнікам аддзелу аховы грамадзкага парадку Цэнтральнага РАУС падпалкоўнікам міліцыі Ўладзіславам Шукелем паводле артыкулу 23.34 КаАП. Інваліда вінавацяць у закліках на несанкцыянаваную акцыю пратэсту, распаўюджаных праз «Фэйсбук».

Андрэй Макараў
Андрэй Макараў

Андрэя Макарава ўжо аштрафавалі на 25 базавых велічыняў за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Гомелі 19 лютага.

«У бюджэце грошыкі скончыліся, — сказаў адразу пасьля прысуду інвалід Макараў. — Пару чалавек пасадзілі на суткі, каб прыдаць страху, а з нас маюць грошы цыганіць. Саджаць будуць 25-26 сакавіка».

У судзе Чыгуначнага раёну а 10-й гадзіне пачынаюцца суд над Мікалаем Пяшко і моладзевым актывістам, блогерам Арцёмам Шарапавым. Іх таксама міліцыя абвінаваціла ў распаўсюдзе ў «Фэйсбуку» заклікаў да ўдзелу ў акцыі пратэсту на Дзень Волі.

Мікалай Пяшко
Мікалай Пяшко

У гэты ж час у Савецкім судзе Гомелю маюць судзіць за такія ж «правіннасьці» грамадзкіх актывістаў Андрэя Толчына і Юрася Захаранку. Апошні зь іх — інвалід, капітан запасу, ачольвае мясцовую арганізацыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). На прэзыдэнцкім выбарах 2010 году быў рэгіянальным кіраўніком выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча. Неаднаразова караўся штрафамі і арыштамі.

Андрэй Толчын
Андрэй Толчын

Юрась Захаранка
Юрась Захаранка

08:53 24.3.2017

Міліцыя вартуе Лагвінца ў лякарні, сыну не даюць зь ім паразмаўляць

Палітыка Алеся Лагвінца, зьбітага пры затрыманьні 23 сакавіка, пасьля спробы суду адвезьлі ў лякарню: у яго пералом носу, закрытая чэрапна-мазгавая траўма і страсеньне мозгу.

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

Ягоны сын Антось Лагвінец распавядае Свабоде: «Тэлефанаваў ягоны сусед па палаце, паведаміў, што ўсё добра, уначы нікуды не вывозілі. Але міліцыянты ў форме, якіх прызначылі ахоўваць, усю ноч стаялі, былі зь імі. Зараз будзем накіроўвацца да шпіталя, ставіць варту, каб ведаць, калі яго на суд павязуць ці на далейшае абсьледаваньне, бо наўпроставага кантакту зь ім ня маю, ягоны тэлефон апісалі.

Што з суду вядома, што яго вінавацяць у дробным хуліганстве, 17.1 КоАП. Пратаколу тата не падпісваў, бо быў нязгодны зь ім. Дэталі пратаколу яму не зачытвалі».

08:45 24.3.2017

Сёньня адбудзецца прэс-канфэрэнцыя са сваякамі затрыманых

Праваабарончы цэнтар «Вясна» правядзе прэсавую канфэрэнцыю з роднымі і блізкімі тых, каго затрымалі спэцслужбы ў апошнія дні з прад’яўленьнем абвінавачаньня ў падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў».

Прэс-канфэрэнцыя адбудзецца 24 сакавіка а 13.00 у офісе ПЦ «Вясна» па адрасе: г. Менск, вул. Мяржынскага, 8-26.

08:43 24.3.2017

У Слоніме суд над Віктарам Марчыкам за «сход недармаедаў»

Віктара Марчыка людзі ў цывільным схапілі адразу пасьля «Народнага сходу», які адбыўся ў мінулую нядзелю на прыступках Слонімскага райвыканкаму. Ён быў адзіным затрыманым. Судовы працэс пачаўся яшчэ ў мінулы панядзелак.

Віктар Марчык хадайнічаў аб тым, каб яму далі магчымасьць скарыстацца паслугамі адваката. Суд быў перанесены на 24 сакавіка. Марчык паведаміў Свабодзе, што адваката за гэтыя дні так і не знайшоў.

Віктар Марчык
Віктар Марчык

08:24 24.3.2017

У Воршы актывістаў выклікаюць позвамі на 25 сакавіка ў рэгіянальнае аддзяленьне Сьледчага камітэту.

Позвы атрымалі рэдактар рэгіянальнага сайту orsha.eu Ігар Казьмерчак і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Храпавіцкі, паведамляе правабарончы цэнтар «Вясна».

08:22 24.3.2017

Натальлю Папкову будуць судзіць 24 сакавіка за «Марш недармаедаў» у Берасьці

Адну зь лідэраў берасьцейскіх пратэстаў Натальлю Папкову затрымалі 22 сакавіка на вакзале ў Берасьці, калі яна мелася зьяжджаць у Менск для ўдзелу ў акцыі 25 сакавіка. Натальлю зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі — «Маршы недармаедаў», які адбыўся 5 сакавіка ў Берасьці.

Судовае паседжаньне пачалося ўчора ўвечары, аднак яго давялося перанесьці, бо актывістка заявіла хадайніцтва, што ёй трэба час, каб заключыць дамову з адвакатам.

XS
SM
MD
LG