Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крычаве старшыня райвыканкаму выкрасьліў гераіню свабодаўскага рэпартажу з «дармаедаў»


Аксана Мурушкіна

Жыхарка Крычава Аксана Мурушкіна, пра сям’ю якой пісала Свабода на пачатку сакавіка, ня будзе плаціць «падатку на дармаедзтва». Днямі жанчыне даслалі апавяшчэньне, што райвыканкам пастанавіў вызваліць яе ад выплаты збору на фінансаваньне дзяржаўных расходаў за 2015 год. Ліст падпісаны старшынём райвыканкаму Васілём Сысоевым.

Дом Мурушкіных
Дом Мурушкіных

З чым зьвязаныя зьмены ў пазыцыі чыноўнікаў наконт сплаты падатку, Аксана дакладна ня ведае. Дапускае, што на райвыканкам маглі паўплываць публікацыі пра жыцьцё яе сям’і ў незалежных мэдыя, а таксама пратэсты людзей супраць дэкрэту № 3. Жанчына адзначае, што не зьвярталася да чыноўнікаў, каб яны выкрасьлілі яе са сьпісаў «дармаедаў». Таксама яна заўважае, што не зьбіралася і плаціць падатак паводле прэзыдэнцкага дэкрэту.

Ліст Аксане Мурушкінай з райвыканкаму, што «ліст шчасьця» адкліканы
Ліст Аксане Мурушкінай з райвыканкаму, што «ліст шчасьця» адкліканы

«Нам спачатку патэлефанавалі і сказалі пра тое, што плаціць ужо ня трэба, потым даслалі і дакумэнты, — сказала Свабодзе Аксана Мурушкіна. — Хутчэй за ўсё падзейнічала тое, што пра нас пісалі. Я ж у райвыканкаме сказала, што больш да іх ня буду хадзіць і плаціць таксама».

Аксана і ейны муж Аляксандар жывуць ў невялікай старой хаціне на вуліцы Луначарскага. Свабодаўскі матэрыял пра Мурушкіных называўся:

«Нараджу, а потым у мяне дзіця забяруць». Гісторыя сям’і, якая жыве ў «казачным» доме

Мурушкіны працавалі ў будаўнічых арганізацыях. Аляксандар рабіў зваршчыкам. Аксана — маляром-тынкоўшчыцай. Абое казалі, што яшчэ пяць гадоў таму няблага зараблялі. Аднак цяпер яны беспрацоўныя. Аксану запісалі ў «дармаедкі» і абавязалі сплаціць падатак. Аляксандар ня трапіў у «дармаеды», бо ў ягонай мамы ёсьць дзялянка зямлі і невялікая гаспадарка, запісаная на яго. Аксана і Аляксандар мараць узьвесьці сабе дом, аднак на яго ў іх няма сродкаў. Аксана хоча нарадзіць мужу, аднак, як яна прызнаецца, непакоіцца, што дзіця могуць забраць у яе, бо сям’я жыве ў доме, якія ўяўляе небясьпеку для жыцьця малога.

XS
SM
MD
LG