Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за дзьвесьце беларускіх дзеячоў культуры падпісалі заяву ў сувязі з арыштамі мастачак


У цэнтры — арыштаваная Настасься Ранько

Больш за дзьвесьце беларускіх дзеячоў культуры падпісалі «Заяву культурніцкай грамадзкасьці ў сувязі з жорсткім затрыманьнем і адміністратыўным арыштам мастачак і культурніцкіх работніц 15 сакавіка 2017 году». Падпісанты асуджаюць карныя дзеяньні ўлады апошняга часу, скіраваныя супраць грамадзянскай супольнасьці: масавыя арышты і зьбіцьцё грамадзян.

Асаблівы акцэнт у заяве робіцца на асобах каардынатаркі Месяца фатаграфіі ў Менску і куратаркі Анастасіі Ранько, ілюстратаркі Алены Немік і дызайнэркі Лідзіі Вярыгі, якія пацярпелі ад дзеяньняў міліцыі пасьля менскага «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка.

«Мы ўпэўненыя, што культурніцкія дзеячы маюць права выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю і ня могуць заставацца ўбаку ад сацыяльных, эканамічных і палітычных працэсаў, у якія мы ўсе, хочам гэтага ці не, уцягнутыя. Таму мы лічым крайне важным і неадʼемным права выказваць сваё меркаваньне і браць удзел у актуальных падзеях грамадзкага жыцьця краіны», — гаворыцца ў заяве.

Сярод іншага падпісанты патрабуюць наступнага:

— ...Неадкладна стрымаць эскаляцыю канфлікту, спыніць перасьлед і прыкласьці ўсе намаганьні для наладжваньня дыялёгу з грамадзянскай супольнасьцю;

— Спыніць адміністратыўны перасьлед і вызваліць нашых калегаў ды іншых затрыманых удзельнікаў і ўдзельніц мірных акцыяў, бо гэта супярэчыць добраахвотна ўзятым абавязкам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека;

— Забясьпечыць права на свабоду сходаў і свабоду выказваньня меркаваньняў.

Цалкам дакумэнт даступны на сэрвісе Google Docs.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG