Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: Грыку прысудзілі 7 сутак, а Чарнавусу — 920 рублёў штрафу


Рыгор Грык

Баранавіцкі актывіст прафсаюзу РЭП Рыгор Грык асуджаны на 7 сутак арышту за ўдзел у «Маршы недармаедаў». Сябра БНФ Мікалай Чарнавус — старэйшы атрымаў чарговы штраф.

Баранавіцкі судзьдзя Яўген Брэган прызнаў Рыгора Грыка вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі — Маршы недармаедаў, які адбыўся ў Бабруйску 12 сакавіка.

Адразу з судовай залі канвой забраў Рыгора Грыка адбываць прысуджаныя яму 7 сутак арышту.

Да суду спадар Грык казаў карэспандэнту Свабоды, што не сумняецца ў тым, што яму прысудзяць менавіта арышт, «каб ня ўдзельнічаў у акцыі 25 сакавіка».

Мікалай Чарнавус, архіўнае фота
Мікалай Чарнавус, архіўнае фота

Адначасова ў баранавіцкім судзе адбыўся працэс над сябрам партыі БНФ Мікалаем Чарнавусам — старэйшым. Судзьдзя Аксана Копач прызнала Чарнавуса-старэйшага вінаватым ва ўдзеле ў «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Баранавічах 26 лютага.

Мікалаю Чарнавусу — старэйшаму прысудзілі 920 рублёў штрафу (40 базавых). 20 сакавіка актывіст ужо атрымаў штраф 690 рублёў (30 базавых) за акцыю 6 лютага каля падатковай інспэкцыі ў Баранавічах.

Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша патлумачыў, што Чарнавусу-старэйшаму прысуджаюць штраф, а ня суткі, з увагі на яго ўзрост, а таксама на тое, што ён мае другую групу інваліднасьці.

Сын Мікалая Чарнавуса, таксама Мікалай, адбывае цяпер 12 сутак зьняволеньня за «Марш недармаедаў», які адбыўся ў Баранавічах 26 лютага.

XS
SM
MD
LG