Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі спэцслужбы пачынаюць фантазіраваць, гэта справа небясьпечная», — Стэфановіч


Валянцін Стэфановіч

Пасьля заявы Лукашэнкі пра «затрыманьні дзясяткаў баевікоў» і падрыхтоўчы лягер нібы «ў раёне Бабруйску і Асіповічаў» былі затрыманыя тры чалавекі: Міраслаў Лазоўскі, Алесь Яўдаха, Андрэй Дундукоў.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што тры затрыманьні зьвязаныя між сабой і зьвязаныя з заявамі Лукашэнкі пра «лягеры баевікоў».

«Ёсьць інфармацыя, што ў МУС іх няма, што яны ў СІЗА КДБ. Я думаю, што ўсе тры справы зьвязаныя між сабой, — разважае Стэфановіч у гутарцы са Свабодай. — Верагодна, затрыманых можа быць болей, бо Лукашэнка казаў пра „дзясяткі баевікоў“, як мы ўчора чулі. Таму трэба знайсьці тых баевікоў.

Я заўсёды казаў, што калі спэцслужбы пачынаюць фантазіраваць, гэта справа вельмі небясьпечная. Калі самі прыдумляюць змовы, самі іх раскрываюць, садзяць людзей невінаватых...

Каб бараніцца, трэба, каб былі адвакаты. Але мы пакуль ня ведаем, ці дойдзе гэта да абвінавачаньня, ці будзе нейкую судовую пэрспэктыву мець. Хацелася б спадзявацца, што не. Мы бачылі затрыманьні і пасьля выбухаў, затрымлівалі шмат каго. У тым ліку Лазоўскага затрымлівалі па падазрэньні ў дачыненьні да тэрактаў (разам зь Сержуком Чыславам і Ігарам Корсакам у справе ў выбуху ў Менску ў ноч на 4 ліпеня 2008 году. — РС).

А тут сытуацыя крыху іншая, бо выразна была замова, цяпер будуць шукаць, што такія „баевікі“ гэтыя. Я проста ня веру, што ў Беларусі, дзе ўсё наскрозь праслухоўваецца, могуць нейкія лягеры баевікоў дзейнічаюць. Гэта вельмі сумнеўна. Проста ўлада вельмі напалоханая, робіць нейкія нэрвовыя крокі, стварае такога кшталту „страшылкі“».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG