Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Чэхіі пра затрыманьні на радзіме: «Нам сорамна перад чэхамі»


Прадстаўнікі беларускіх арганізацый у Чэскай Рэспубліцы прынялі зварот да амбасады Рэспублікі Беларусь у Празе, у якім выказалі абурэньне з прычыны масавых затрыманьняў удзельнікаў мірных пратэстных акцый у розных гарадах Беларусі.

«Мы, беларусы, якія жывуць у Чэхіі, зь вялікім непакоем назіраем за апошнімі падзеямі на нашай Радзіме», — сказана ў звароце. Гаворачы пра затрыманьні ўдзельнікаў акцыяў пратэсту, прадстаўнікі беларускіх арганізацый нагадваюць артыкулы Канстытуцыі, якія гарантуюць грамадзянам Беларусі свабоду меркаваньняў, сходаў і вулічных шэсьцяў. «Мы хочам выказаць сваё глыбокае абурэньне рэпрэсіўнымі дзеяньнямі з боку службоўцаў і сілавых структур ў дачыненьні да беларусаў, якія бяруць удзел у мірных мітынгах і маршах».

«Нам сорамна перад чэхамі і ўсім сьветам за сюжэты з вуліц гарадоў нашай краіны, калі грамадзян падчас дазволеных мітынгаў і мірных пратэстных акцый жорстка зьбіваюць і затрымліваюць скаардынаваныя групы невядомых асоб, — гаворыцца ў звароце чэскіх беларусаў. — Гэта недапушчальна ў эўрапейскай цывілізаванай краіне, якая на высокім узроўні забясьпечаная міліцыяй і іншымі службамі аховы правапарадку. Мы просім давесьці нашу ацэнку да адпаведнага праваахоўнага ведамства і запатрабаваць ад яго тлумачэньняў. Таксама мы пакідаем за сабой права зьвярнуцца зь лістамі наконт больш пільнай увагі да сытуацыі ў Беларусі ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі».

Прадстаўнікі беларускіх арганізацый Чэхіі заявілі, што выступаюць за «поўнае скасаваньне дэкрэту № 3 „Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

«У імя эўрапейскай будучыні Рэспублікі Беларусь мы заклікаем адпаведныя дзяржаўныя органы вызваліць усіх затрыманых і арыштаваных у сувязі з „маршамі недармаедаў“, спыніць перасьлед пратэстоўцаў, а таксама практыку прэвэнтыўных затрыманьняў грамадзкіх актывістаў і журналістаў! Мы шчыра спадзяемся, што дзяржава вырашыць праблему беспрацоўя і здолее выйсьці з сацыяльна-эканамічнага, палітыка-прававога крызісу на карысьць беларускага народу. Жыве Беларусь!» — пішуць аўтары звароту ў амбасаду Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы і завяршаюць яго словамі — «З павагаю да пратэстоўцаў і надзеяй на лепшае будучае нашай Радзімы».

Зварот падпісалі прадстаўнікі FB-супольнасьці «Беларусы Чэхii», Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Цэнтар грамадзкіх ініцыятыў „Наш дом“», «Асацыяцыя за мадэрнізацыю», «Беларускі форум у Празе „Адраджэньне“», «Грамадзкае аб’яднаньне „Беларускі дом у Празе“» і Грамадзкае аб’яднаньне «Асьветніцкая суполка Скарына», суполка «Пагоня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG