Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі дэпутат: У Беларусь вяртаецца 2010 год


Робэрт Тышкевіч (зьлева) на выставе ў польскім Сэйме пра Беларусь.

Дэпутат польскага Сэйму Робэрт Тышкевіч сказаў Свабодзе, што Варшава павінна афіцыйна і выразна адрэагаваць на заявы Аляксандра Лукашэнкі пра нібыта фінансаваньне і арганізацыю лягераў баевікоў для дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі.

Адначасова ён раскрытыкаваў палітыку цяперашняга ўраду «Права і справядлівасьці» ў адносінах да Менску. Робэрт Тышкевіч — дэпутат ад апазыцыйнай «Грамадзянскай плятформы», у Сэйме ўжо шмат гадоў кіруе парлямэнцкай групай у справах Беларусі.

РС: Сёньня Аляксандар Лукашэнка сказаў пра арышты дзясяткаў баевікоў, якія нібыта рыхтавалі правакацыі са зброяй, і пра лягеры, дзе гэтых баевікоў нібыта рыхтавалі. Акрамя Беларусі, ён назваў у гэтым кантэксьце Ўкраіну, Літву і Польшчу. І дадаў, што грошы на падрыхтоўку гэтых баевікоў ішлі праз Польшчу і Літву. Як вы пракамэнтуеце гэтыя заявы?

Вяртаецца ўжо шматкроць выкарыстаны прапагандай Лукашэнкі шаблён атакі супраць грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі.

Робэрт Тышкевіч: Гэта вяртаньне да найгоршай рыторыкі рэжыму ў Менску з 2010 году, калі пасьля галасаваньня былі арыштаваныя ўсе канкурэнты Аляксандра Лукашэнкі ў прэзыдэнцкай гонцы. Гэта паказвае, што сам Лукашэнка ацэньвае маштаб цяперашніх пратэстаў як вельмі сур’ёзны, як такі, які можна параўнаць з пратэстамі ў 2010 годзе. Таму і вяртаецца ўжо шматкроць выкарыстаны прапагандай Лукашэнкі шаблён атакі супраць грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі, гэта значыць, пошук зьнешняга ворага, паказваньне сацыяльнага пратэсту як дзеяньня пятай калёны, інсьпіраванай і аплачванай з-за мяжы. Гэта шаблён, які памятаем яшчэ з часоў камуністычнай прапаганды.

РС: Ці ня думаеце вы, што Польшча павінна афіцыйна адрэагаваць на такія выказваньні і заявы кіраўніка Беларусі?

Робэрт Тышкевіч: Абсалютна так. Мы будзем заклікаць Міністэрства замежных справаў выступіць з такой рэакцыяй. У чацьвер, пасьлязаўтра, на пасяджэньні камісіі па замежных справах у Сэйме мы сустракаемся з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, дзе будзем гэта абмяркоўваць.

Мы перасьцерагалі цяперашнія ўлады Польшчы перад занадта наіўным падыходам да збліжэньня ці пацяпленьня адносін з Лукашэнкам.

Я хачу падкрэсьліць, што мы перасьцерагалі цяперашнія ўлады Польшчы перад занадта наіўным падыходам да збліжэньня ці пацяпленьня адносін з Лукашэнкам. Мы ўказвалі, што няма ніякага канкрэтнага прагрэсу ў сфэры дэмакратызацыі, і што ў любы момант можам чакаць вяртаньня сытуацыі назад, — і такое вяртаньне мы цяпер наглядаем. Можна сказаць, што ўсе тыя ў Польшчы, якія называлі Лукашэнку «цёплым чалавекам» і сьцьвярджалі, што мы маем дачыненьне зь пераломам у адносінах зь Менскам, сёньня павінны папрасіць публічнага прабачэньня і прызнаць стратэгічную памылку, якую яны зрабілі.

Польскі МЗС, польскія ўлады павінны ўзяць голас і выступіць у абарону зьняволеных, павінны заступіцца за палітвязьняў перад беларускімі ўладамі. Тут польскі голас — абсалютна неабходны.

РС: Вы чакаеце, што польскі МЗС сапраўды выступіць з такой самакрытыкай або з такой просьбай аб выбачэньні?

Робэрт Тышкевіч: Вялікай надзеі на гэта я не ўскладаю, але прынамсі спадзяюся на выразную ацэнку цяперашняй сытуацыі і на публічнае выступленьне ў абарону зьняволеных і рэпрэсаваных у Беларусі. Я лічу, што такога дзеяньня сёньня чакаюць і польскае грамадзтва, і нашы сябры ў Беларусі. У гісторыі свабоднай Польшчы яшчэ не здаралася, каб польскі ўрад маўчаў, калі за нашай мяжой цярпелі перасьлед і зьняволеньне людзі, якія змагаліся за свабоду. Гэта быў бы нечуваны скандал, калі б сёньня польскі ўрад не праявіў ніякай актыўнасьці, каб дапамагчы зьняволеным у Беларусі.

Чакаю ад польскага ўраду ўзмацненьня падтрымкі для тэлеканалу «Белсат».

Я таксама чакаю ад польскага ўраду ўзмацненьня падтрымкі для тэлеканалу «Белсат», журналістаў якога так жорстка перасьледуюць у Беларусі, ды для ўсіх іншых, якія сёньня таксама церпяць перасьлед у Беларусі.

РС: У польскім Сэйме існуюць дзьве дэпутацкія групы, якія займаюцца адносінамі зь Беларусьсю: група, якой старшынюеце вы, і парлямэнцкая група па справах супрацоўніцтва Польшча-Беларусь, у якой большасьць складаюць дэпутаты аб’яднаньня «Кукіз15». Чаму ўзьнікла гэтая другая група па Беларусі? Чаму яны не захацелі далучыцца да вас?

Робэрт Тышкевіч: Гэта вынік таго, што кіраўніцтва польскага Сэйму і Сэнату пачало будаваць афіцыйныя кантакты зь недэмакратычным парлямэнтам Беларусі. Я прадстаўляю асяродзьдзе, якое не падтрымлівае кантактаў з гэтым парлямэнтам, як і пераважная большасьць парлямэнтаў Эўразьвязу. Гэта было палітычнае рашэньне старшыняў Сэйму і Сэнату з «Права і справядлівасьці», каб стварыць такую плятформу супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам. Мы лічылі, што гэта заўчасны крок, і разьвіцьцё сытуацыі паказвае, што гэта мы мелі рацыю. Гэта быў заўчасны жэст дыпляматычнага прызнаньня для беларускага афіцыйнага парлямэнту, бо сёньня мы бачым, што ніякае істотнае паляпшэньне ў сфэры захаваньня дэмакратычных прынцыпаў там не наступіла.

Я адчуваю, так сказаць, сумнеўнае задавальненьне ад таго, што нашы перасьцярогі і нашы заклікі захоўваць стрыманасьць ды чакаць ад беларускага боку рэальнага прагрэсу на шляху дэмакратызацыі, аказаліся слушнымі. Няма дарогі напрасткі да дэмакратыі. Трэба крок за крокам будаваць рэальныя фундамэнты зьменаў да лепшага. А тут, як падаецца, палітычная спакуса ўзяла верх над здаровым розумам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG