Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі дэпутат: Партыя рэгіёнаў аплачвала паслугі Манафорта праз афшоры


Пол Манафорт
Пол Манафорт

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Сяргей Лешчанка сьцьвярджае, што Партыя рэгіёнаў аплачвала паслугі Пола Манафорта — амэрыканскага дарадцы экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча — праз афшоры і банкі з сумнеўнай рэпутацыяй. Пра гэта Лешчанка заявіў у аўторак на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве.

У распараджэньне Лешчанкі трапіла дамова, згодна зь якой быў зроблены адзін з плацяжоў Манафорта, згадваных у так званай «амбарнай кнізе Партыі рэгіёнаў» — рукапіснай бухгальтарскай справаздачнасьці.

Гаворка ідзе пра запіс за 14 кастрычніка 2009 году, згодна зь якім за тры месяцы да выбараў прэзыдэнта Ўкраіны Манафорту было пераведзена 750 тысяч даляраў. Для пераводу гэтай сумы была выкарыстаная дамова з афшорнай кампаніяй, зарэгістраванай у Бэлізе. Самі сродкі былі пералічаныя праз банк у Кіргізстане, заявіў Лешчанка. Пры гэтым ён адзначыў, што грошы паступілі Манафорту не за палітычныя кансультацыі, а нібыта за продаж кампутарнага абсталяваньня.

Дакумэнт, які прыводзіць дэпутат, зьмяшчае арыгінальныя подпіс і пячатку, паведамляе «Ўкраінская праўда».

На думку ўкраінскага дэпутата, ёсьць усе падставы для пачатку крымінальнага расьсьледаваньня як ва Ўкраіне, так і ў ЗША.

Манафорт быў дарадцам былога ўкраінскага прэзыдэнта, што ўцёк з краіны ў 2014 годзе на фоне масавых пратэстаў. Да жніўня 2016 году ён узначальваў выбарчы штаб Дональда Трампа, але быў звольнены пасьля зьяўленьня ў прэсе паведамленьняў аб нібыта атрыманых ім каля 13 мільёнаў даляраў ад зьвязаных зь Януковічам структураў у абмен на лабіраваньне ў ЗША інтарэсаў пракрамлёўскіх украінскіх алігархаў.

Сам Манафорт адмаўляе, што неяк парушаў закон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG