Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анісім адказала Гігіну, што для яе прыярытэт — Беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт


Алена Анісім

Вядучы праграмы «Справа прынцыпу» на АНТ Вадзім Гігін прапанаваў дэпутатцы Алене Анісім узначаліць «Школу грамадзянскіх ініцыятываў».

Гэтая прапанова прагучала ў чарговым выпуску праграмы, якую паказалі ў эфіры ўвечары 20 сакавіка. Тэмай дыскусіі, у якой удзельнічала і спадарыня Анісім, стала грамадзянская супольнасьць у Беларусі: навошта яна патрэбная і ў якіх сфэрах яна прыносіць плён.

На прапанову вядучага дэпутатка ў эфіры адказала: спачатку трэба адкрыць Беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт, а ўжо пасьля гэтага можна будзе падумаць і пра школу.

Сёньня ў размове са Свабодай Алена Анісім сказала, што прапанова Вадзіма Гігіна стала для яе поўнай нечаканасьцю:

«Перад запісам праграмы мы пра гэта наагул не гаварылі. Больш за тое, мне здалося, што сама прапанова нарадзілася ў вядучага спантанна. Мой адказ на яе таксама ўзьнік па ходу перадачы. Мне ён падаецца лягічным».

Дэпутатка паведаміла, што праца над стварэньнем Нацыянальнага ўнівэрсытэту зь беларускай мовай навучаньня працягваецца:

«У нас ёсьць пэўныя ідэі і пэрспэктывы. Але пакуль яны не існуюць у выглядзе падпісаных пагадненьняў, чаго мы дамагаемся. Мы працуем цяпер над статутам унівэрсытэту, думаем, у якой форме яго зарэгістраваць.

Мы — гэта аргкамітэт, які склаўся на базе Ўсебеларускага кангрэсу за незалежнасьць, што праходзіў у 2014 годзе. Як вядома, апошнім часам да гэтай ідэі далучыліся спадары Някляеў і Статкевіч. Мы не ўступаем зь імі ў палітычную палеміку, а сканцэнтраваліся на канкрэтнай працы. Яна, з аднаго боку, няпростая. З другога, ёсьць пэўныя станоўчыя моманты, якія дазваляюць спадзявацца, што справу можна вырашыць».

Падчас сёлетняй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Алены Анісім адбылася размова з кіраўніком дзяржавы наконт стварэньня Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту. Калі раней Лукашэнка на такія пытаньні адказваў даволі адназначна — маўляў, не, ня трэба, у нас ёсьць БДУ, — то цяпер ягоны адказ ужо быў не такі адназначны: трэба абмеркаваць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG