Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна можа прыпыніць трансьляцыю тэлеканалу «Беларусь 24» на сваёй тэрыторыі


Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальная рада Ўкраіны ў пытаньнях тэлебачаньня ды радыёвяшчаньня папярэдзіла дырэктара тэлеканалу «Беларусь 24» Аляксандра Мартыненку пра выяўленыя ў эфіры тэлеканалу парушэньні заканадаўства Ўкраіны і просіць іх ліквідаваць.

Як патлумачыў сябра Нацыянальнай рады Сяргей Кастынскі, гаворка ідзе пра трансьляцыю 14 лютага ў інфармацыйна-аналітычнай праграме ў рубрыцы «Акцэнты», калі была прадэманстраваная віртуальная мапа краін рэгіянальнага аб’яднаньня «Цэнтральна-эўрапейская ініцыятыва», у якое ўваходзіць і Ўкраіна. «На гэтай мапе тэрыторыя ўкраінскай дзяржавы была намаляваная бяз Крыму», — удакладніў ён.

Паводле Нацыянальнай рады, «такая рэдакцыйная палітыка сьведчыць пра падтрымку тэлеканалам агрэсіўных дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі ў дачыненьні да Ўраіны ў частцы анэксіі Аўтаномнай Рэспублікі Крым».

«Гэты факт ёсьць парушэньнем артыкулу 28 Закона Ўкраіны „Пра інфармацыю“, згодна зь якім інфармацыя ня можа быць выкарыстана для заклікаў да зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, прапаганды вайны, гвалту, жорсткасьці, распальваньня міжэтнічнай, расавай, рэлігійнай варожасьці, зьдзяйсьненьня тэрарыстычных актаў, замаху на правы і свабоды чалавека», — адзначаецца ў лісьце.

...трансьлюе прадузятую інфармацыю пра бягучую сытуацыю ва Ўкраіне насуперак агульнапрынятым журналісцкім стандартам.

Нацыянальная рада Ўкраіны ў сваім лісьце таксама зьвярнула ўвагу кіраўніцтва тэлеканалу «Беларусь 24» на тое, што ён «трансьлюе прадузятую інфармацыю пра бягучую сытуацыю ва Ўкраіне насуперак агульнапрынятым журналісцкім стандартам» — 26 лютага ў інфармацыйна-аналітычнай праграме «Галоўны эфір» ня быў датрыманы балянс поглядаў на асобныя палітычныя падзеі ва Ўкраіне, што прывяло да іх аднабокага асьвятленьня.

Пакуль што тэлеканал «Беларусь 24» знаходзіцца ў пералiку замежных праграм, зьмест якіх адпавядае Эўрапейскай канвэнцыі пра транспамежнае тэлебачаньне і заканадаўству Ўкраіны.

«Нацыянальная рада просіць вяшчальніка прывесьці ў адпаведнасьць зьмест праграм, што трансьлююцца, патрабаваньням часткi другой артыкулу 6 Закону Ўкраіны „Пра тэлебачаньне і радыёвяшчаньне“ і часткі першай артыкула 28 Закону Ўкраіны „Пра інфармацыю“. У выпадку ігнараваньня патрабаваньняў украінскага заканадаўства рэгулятар будзе вымушаны разгледзець пытаньне аб спыненьні рэтрансьляцыі праграмы „Беларусь 24“ на тэрыторыі Ўкраіны», — адзначаецца ў лісьце.

XS
SM
MD
LG