Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці быў хлопчык? У пракуратуры і міліцыі ня ведаюць дэталяў пра нелегальна зьедзеную булачку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Гісторыя, агучаная намесьнікам генэральнага пракурора Беларусі Аляксандрам Лапшыным пра тое, як міліцыя патрабавала тлумачэньняў у 7-гадовага дзіцяці, якое зьела булачку ў гіпэрмаркеце, атрымала шырокі розгалас.

Свабода паспрабавала знайсьці пацьверджаньні інфармацыі пра тое, як 7-гадовы хлопчык зьеў у гіпэрмаркеце булачку за 90 капеек і ў дачыненьні да яго пачалі адміністрацыйны працэс паводле арт. 10.5 КаАП «Дробны крадзеж».

«Супрацоўнікі праваахоўных органаў дамагаліся ад дзіцяці прызнаньня віны і патрабавалі, цытую: „тлумачэньняў“», — сказаў раней Аляксандар Лапшын.

У дачыненьні 7-гадовага хлопчыка пачалі адміністрацыйны працэс. За дробны крадзеж прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Пракуратуру гэтая сытуацыя абурыла. Да таго ж, паводле Лапшына, высьветлілася, гэта не адзінкавы выпадак.

Прэсавы сакратар генэральнай пракуратуры Беларусі Пётра Кісялёў не ўдакладніў, дзе адбываліся падзеі, пра якія распавёў намесьнік генпракурора Аляксандар Лапшын.

Пры гэтым прэсавы сакратар не сумняваецца, што гісторыя з хлопчыкам, якога затрымалі за зьедзеную ў супэрмаркеце булачку, сапраўдная.

«Было, калі сказаў. Крыніца сур’ёзная. Але дзе гэта было, знарок не высьвятляў і ня буду высьвятляць, гэта выключана. Калі вельмі цікава, спытайце самога Лапшына», — сказаў Пётра Кісялёў з прэсавай службы генпракуратуры.

Кіраўнік прэсавай службы менскай гарадзкой міліцыі Аляксандар Ластоўскі на пытаньні карэспандэнта Свабоды пра затрыманага ў супэрмаркеце хлопчыка адказаў, што яму «зусім не вядомая гэта гісторыя», таму ён «ня ведае, што адказаць».

Назіральнікі не выключаюць, што гэтая гісторыя можа выкарыстоўвацца ў суперніцтве паміж рознымі праваахоўнымі органамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG