Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цешча, цесьць і швагер — якія пасады займаюць сваякі «кіраўніка Крыму»


Падкантрольны Расеі «прэм’ер Крыму» Сяргей Аксёнаў пасьля анэксіі працаўладкаваў ва ўладзе амаль усю сваю радню. Пасады таксама дасталіся яго былым паплечнікам па партыі «Русское единство» і партнэрам па сямейным бізнэсе. Расьсьледаваньне сайту «Крым.Реалии»

Каля 30 дэпутатаў і дзяржаўных кіраўнікоў ў анэксаваным Расеяй Крыме зьвязаныя паміж сабой роднаснымі, партыйнымі і бізнэс-сувязямі, падрабязную схему публікуе сайт Крым.Реалии.

  • Бацька «кіраўніка Крыму» Сяргея Аксёнава — Валеры Аксёнаў займае месца дэпутата падкантрольнага Расеі «крымскага парлямэнту» і пасаду намесьніка кіраўніка парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.
  • Сястра жонкі Аксёнава — Яўгенія Дабрыня — кіруе камітэтам па маёмасных і зямельных адносінах.
  • Цешча Аксёнава з 2014 году — член «грамадзкай палаты Крыму»,
  • Цесць «кіраўніка Крыму» — Аляксандр Дабрыня — кіруе крымскай дзяржустановаю «Экспэртна-тэхнічны цэнтар»,
  • Далёкі сваяк цесьця — Андрэй Дзядзюхін — узначальвае Дэпартамэнт па рыбалоўстве ў «міністэрстве сельскай гаспадаркі».

Паводле расьсьледаваньня Крым.Реалии, розныя пасады на дзяржаўнай службе займаюць і бізнэс-партнэры Аксёнава:

  • былыя партнэры Аксёнава па фірме «Маналіт-плюс» Міхаіл Шарамет і Святлана Бабій зрабіліся адпаведна дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі і дарадцай кіраўніка Крыму.
  • кіраўнік «парлямэнту Крыму» Уладзімір Канстанцінаў «працаўладкаваў» на дзяржаўную службу і ў рэгіянальную думу былых партыйных паплечнікаў і партнэраў па Фэдэрацыі дзюдо і самба Крыму, у якой ён займае пасаду прэзыдэнта.

Расія анэксавала Крым у сакавіку 2014 году пасьля так званага рэфэрэндуму аб статусе паўвострава, паводле афіцыйных вынікаў якога за далучэньне да Расейскай Фэдэрацыі прагаласавалі больш за 95 працэнтаў мясцовых жыхароў.

Украіна прызнала Крым «часова акупаванай тэрыторыяй».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG