Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам адмяніў сустрэчу з заяўнікамі акцыі 25 сакавіка


Будынак Менгарвыканкаму

Рашэньне давядуць да іх іншым спосабам, які вызначаны законам.

Як паведаміў Свабодзе заяўнік акцыі ад Партыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч, 20 сакавіка пасьля абеду яму паведамілі праз тэлефон, што прызначаная на сёньня сустрэча заяўнікаў з гарадзкімі ўладамі адмененая. Рашэньне пра дазвол ці забарону акцыі 25 сакавіка давядуць да заяўнікаў іншым спосабам. Верагодна, поштай.

«Мне паведамілі, што сустрэча адмяняецца, а рашэньне будзе даведзенае да заяўнікаў іншым спосабам у адпаведнасьці з заканадаўствам. Сёньня апошні дзень, калі ўлады могуць даць адказ. Калі яны сёньня адправяць рашэньне па пошце, то яно ня прыйдзе сёньня ж, а толькі празь дзень ці два. Я лічу, улады разглядаюць розныя сцэнары, рашэньне пакуль не прынятае», — сказаў Касьпяровіч Свабодзе.

Кіраўнік аргкамітэту па сьвяткаваньні 25 сакавіка, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч назваў максымальнае зацягваньне з агучваньнем рашэньня правакацыяй з боку ўладаў:

«Улады вырашылі адцягнуць час, фактычна скраўшы яшчэ адзін дзень у арганізатараў. Гэта пацьвярджае, што ўлады абіраюць канфрантацыйны сцэнар, адмаўляючыся ад дыялёгу з арганізатарамі і заяўнікамі. Менскія ўлады спрыяюць нагнятаньню накручанасьці, няпэўнасьці і дэзынфармаванасьці сярод грамадзтва адносна фармату і маршруту акцыі 25 сакавіка».

Сёньняшнюю (адмененую) сустрэчу http://www.svaboda.org/a/28375835.html ў Менгарвыканкаме, дзе гарадзкія ўлады павінны былі агучыць рашэньне наконт акцыі 25 сакавіка, заяўнікам прызначылі на мінулым тыдні — 17 сакавіка.

Сёньня на 15 гадзін былі запрошаныя ў Менгарвыканкам і заяўнікі іншай акцыі на 25 сакавіка — актывісты КХП БНФ, яны замаўлялі акцыю ў Кіеўскім сквэры. Зь імі таксама адмовіліся гаварыць і сказалі, што яны атрымаюць адказ пазьней ва ўстаноўленым законам парадку, паведаміў Свабодзе адзін зь лідэраў партыі Юрась Беленькі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG