Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарвэгію назвалі самай шчасьлівай краінай сьвету


У рэйтынгу краін з самымі шчасьлівымі жыхарамі, складзеным паводле замовы ААН, Беларусь заняла 67-е месца.

Сярод суседзяў Беларусі, як перадае «Нямецкая хваля», Расея займае 49 радок, Украіна — на 132-м месцы. Партнэр Беларусі па ЭўраЗЭС Казахстан знаходзіцца на 60-м месцы.

Рэйтынг самых шчасьлівых краін сьвету World Happiness Report 2017 апублікаваным у панядзелак, 20 сакавіка, Інстытутам Зямлі Калюмбійскага ўнівэрсытэту.

На першым месцы ў рэйтынгу знаходзіцца Нарвэгія. Акрамя яе, у тройку лідэраў уваходзяць Данія і Ісьляндыя. Сьледам за імі разьмяшчаюцца Швэйцарыя, Фінляндыя, Нідэрлянды, Канада, Новая Зэляндыя, Аўстралія, а замыкае першую дзясятку Швэцыя.

Сярод найбольш разьвітых эканамічна краін сьвету Нямеччына займае 16-е месца, Злучаныя Штаты — 14-е, пры гэтым аўтары дакладу адзначаюць, што, нягледзячы на рост даходу амэрыканцаў на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя, узровень шчасьця ў краіне падае.

Трыма самымі нешчасьлівымі краінамі складальнікі справаздачы назвалі Танзанію (153 месца), Бурундзі (154) і Цэнтральнаафрыканскую рэспубліку (155).

Рэйтынг World Happiness Report складаецца па замове ААН. У сваіх падліках аўтары грунтуюцца на такіх фактарах, як ВУП на душу насельніцтва, чаканая працягласьць жыцьця, сацыяльная падтрымка дзяржавы, давер да ўраду, ацэнка жыхарамі краіны свабоды прыняцьця рашэньняў і іх гатоўнасьць рабіць ахвяраваньні на дабрачыннасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG