Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марш недармаедаў» у Баранавічах: выйшлі 50 чалавек, але бязь лідэраў і мэгафона


У Баранавічах на акцыю пратэсту супраць дэкрэту №3 выйшла некалькі дзясяткаў чалавек. Арганізатараў загадзя затрымалі.

Яшчэ да пачатку маршу былі затрыманыя актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП Рыгор Грык і сябра Партыі БНФ Мікалай Чарнавус (старэйшы), якія былі асноўнымі арганізатарамі акцыі. Сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Чарнавус (малодшы), які браў актыўны ўдзел у папярэдняй акцыі супраць дэкрэту №3 у Баранавічах, 17 сакавіка асуджаны на 12 содняў адміністрацыйнага арышту.

Акцыя 19 сакавіка плянавалася на 16.00, але шырока не анансавалася. За паўгадзіны да гэтага часу на цэнтральнай плошчы гораду зьявіліся некалькі групаў па 4-5 супрацоўнікаў у цывільным. Калі на плошчы пачалі зьяўляцца ўдзельнікі акцыі, гэтыя асобы сталі папярэджваць пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Праз адсутнасьць лідэраў і гукаўзмацняльнай апаратуры акцыя ў Баранавічах фактычна не адбылася. Людзі крыху пастаялі купкамі і паасобку, але ніхто не прамаўляў.

Адзін з прысутных на акцыі, мясцовы праваабаронца Сяргей Гоўша сказаў, што «па сутнасьці акцыя не адбылася»: «Людзі проста прыйшлі і пагаварылі паміж сабою. Было вельмі шмат міліцыянтаў».

За мінулы баранавіцкі «Марш недармаедаў», які прайшоў 26 лютага, актывістаў каралі штрафамі і турмой.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG