Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек, які напаў на патруль у парыскім аэрапорце, быў радыкальным ісламістам


Мужчына, застрэлены ў парыскім аэрапорце Арлі ў суботу пасьля спробы нападу на вайсковы патруль, быў радыкальным ісламістам, якога ведалі францускія спэцслужбы. Пра гэта заявіў міністар унутраных спраў Францыі Бруна Ле Ру.

Раніцай у суботу, да таго як зрабіць напад ў Арлі, мужчына, імя якога не называецца, адкрыў агонь па дарожных паліцыянтах, якія паспрабавалі спыніць яго машыну на поўнач ад Парыжу. Адзін паліцыянт быў паранены.

У аэрапорце Арлі нападнік паспрабаваў адабраць зброю ў вайсковага патруля і быў забіты. Выбуховыя тэхнікі пацьвердзілі, што «пояса сьмяротніка» на ім не было. Аэрапорт быў зачынены, некалькі тысяч чалавек, у ліку якіх апынуўся і кандыдат у прэзыдэнты Францыі Нікаля Дзюпон-Эньян, былі эвакуіраваны.

У мінулым месяцы падобны напад адбыўся каля музэю Люўр у Парыжы. У Францыі працягвае дзейнічаць уведзены пасьля тэрарыстычных нападаў рэжым надзвычайнага становішча, месцы масавага збору людзей ахоўваюць вайсковыя патрулі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG