Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лелі-лелі, прыляціце, альбо 5 адметнасьцяў гуканьня вясны


Дзе найлепей гукаць вясну? Што спаліць у гукальным вогнішчы? Якой формы пячы галёпы? Што закапаць у зямлю, каб увосень сабраць багаты ўраджай? У час вясновага раўнадзенства наша аўтарка Яна Шыдлоўская запрашае ўспомніць і зладзіць старажытны народны звычай.

1. Гукаем вясну з высокай гары і спальваем сьмецьце

Улічваючы каляндарныя зьмены і рэгіянальныя асаблівасьці, разьвітвацца з зімою і заклікаць наступную, надзвычай жаданую пару можна ад першых сакавіцкіх дзён. Аднак традыцыйна старажытнае сьвята гуканьня вясны прымяркоўвалі да дня вясновага раўнадзенства ў другой палове сакавіка, калі сонца мінае экватар і дзень робіцца роўным ночы.

Найлепей вясна гукалася з высокіх і адкрытых месцаў — пагоркаў, стромкіх берагоў рэк і азёр, якія першымі вызваляліся ад сьнегу. Больш за тое, высокія месцы былі бліжэй да сонца і зь іх больш звонка гучала і шпарчэй ляцела рэха ад песьняў-вясьнянак, што да позьняй ночы выконвала моладзь. Самыя сьмелыя і спрытныя ўзлазілі заклікаць вясну на стрэхі хат альбо лазьняў.

Гукалі вясну пад водбліскі вогнішча, у якім спальвалі сьмецьце, старыя і непатрэбныя рэчы. Гэтымі дзеяньнямі ўдзельнікі сьвята ачышчалі зямлю і збаўляліся ад старых клопатаў. Абрад здалёк нагадвае італьянскую традыцыю пад новы год выкідаць праз вакно старыя рэчы, каб у дом завітала багацьце і шчасьце. Памер яго прапарцыянальна залежыць ад колькасьці выкінутага сьмецьця, таму хадзіць па італьянскіх вуліцах напярэдадні сьвята — справа даволі небясьпечная.

Вогнішчы на гуканьне вясны палілі вялікія — відаць, за зіму зьбіралася шмат рэчаў, зь якімі сьпяшаліся разьвітацца. У некаторых рэгіёнах краіны на сьвята, ушаноўваючы сонца, падвальвалі кола і пускалі яго па рацэ. Цяжка спыніць фантазію, уяўляючы, якой атракцыяй маглі быць плывучыя ў прыцемках, скажам, па Дзьвіне, падпаленыя з надзеяй на лепшае колы.

2. Затанцоўваем вясну

Падобна да іншых традыцыйных сьвятаў гуканьне вясны не абыходзілася без карагодаў. Іх вадзілі ў непасрэдным месцы сьвяткаваньня, а таксама ходзячы па дварах і затанцоўваючы вясну. Лічылася, «дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць».

Вясновыя карагоды адзначаліся сымбалямі вясны, сонца, каханьня, танцоры імітавалі рухі птушак — жаўрукоў, буслоў, якія атаясамліваліся зь вясною. У шэрагу вясновых карагодаў вадзілі «Крывы танок», які суправаджаўся песьнямі-вясьнянкамі. У цэнтры карагода «Драмухі» спаў Дрома, якога іншыя танцоры імкнуліся абудзіць, абяцаючы яму безьліч падарункаў. У цыкле вясновых карагодаў вадзілі «Сонейка», у якім актыўна ўдзельнічалі дзеці. Усе рухі ў ім адбываліся па гадзіньнікавай стрэлцы, ці па сонцы. Жанчыны выконвалі «Перапёлачку», каб нагадаць аб сваёй нялёгкай долі.

Вясновыя карагоды і гульні насілі рамантычны характар, бо вясною абуджаецца ня толькі прырода, але і пачуцьці. Так, старажытны карагод-гульня «Селязень» увасобіў культ вадаплаўнай птушкі, якую называюць сымбалем вясны і каханьня. Падчас гульні ўдзельнікі клікалі вясну, сустракаючы яе аздобленым «вутачкамі» караваем ці печывам у форме птушак.

3. Пячэм галёпы і закопваем гаршчок з кашай

Абрадаваму печыву, якім сустракалі вясну, далі назву галёпаў, альбо «бусьліных лапак». Яго выпякалі акурат да прылёту буслоў — птушак, якія прыносяць вясну, цяпло, шчасьце і дабрабыт. Прысмакі з пшанічнай мукі рэгіянальна адрозьніваліся — гэта былі фігуры бусла зь дзюбай, крыламі, лапамі і хвастом. Выява бусла магла быць выціснутая на печыве. Найчасьцей галёпы пяклі ў выглядзе бусловай лапы альбо зь яе адбіткам, які выціскаўся трыма пальцамі. Часам вясновае печыва мела форму сельскагаспадарчых прыладаў — сахі, бараны альбо сярпа.

Зьесьці печыва можна было толькі ўвечары. Удзень яго раздавалі дзецям, якія бегалі з выпечкай па панадворку, заклікаючы буслоў. Печыва клалі на страху, у печ, раскладвалі па гаспадарчых пабудовах.

Сьпячы галёпы нескладана і ў сучасных умовах. Аснову ўсіх рэцэптаў вясновага печыва складалі мука, вада, цукар, часам — дрожджы і алей. Дзеля наданьня цёмнага карычневага колеру пячэнькі маглі змазваць добра настоенай гарбатай.

Прыносілі падчас сьвята і ахвяру зямлі. Каб глеба добра ўрадзіла, у яе закапвалі гаршчок кашы.

4. Глядзім у неба і сустракаем буслоў

У другой палове сакавіка вясновае неба ўпрыгожваюць белыя крылы буслоў, якія вяртаюцца ў Беларусь з афрыканскага кантынэнту. Гэтая птушка, што паводле паданьня была чалавекам, якога за непаслушэнства Бог абярнуў буслом, нясе на крылах вясну. Вяртаньня буслоў заўсёды чакалі з асаблівым нецярпеньнем і хваляваньнем. Лічылася, што, калі ўбачыш першага бусла падчас лёту, абавязкова пашанцуе. Бусел, убачаны ў гнязьдзе альбо на зямлі, быў прыкметай будучых клопатаў.

Узіраецца ў неба і той, хто вядзе сусьветны ўлік буслоў. Беларусь ня першы год прымае ўдзел у міжнародным праекце па назіраньні за мігруючымі птушкамі — «Жывая вясна». Адным зь вестуноў жывой вясны абвешчаны белы бусел. Людзі з краінаў Эўропы, Сярэдняй Азіі і Афрыкі дзеляцца сваімі назіраньнямі, якія паступова складаюць анлайн-мапу падарожжаў птушак з поўдня на радзіму. Паводле грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», дзякуючы актыўнасьці гледачоў, у мінулым годзе Беларусь выйшла на чацьвёртае месца па назіраньні за пералётнымі птушкамі сярод 55 краінаў-удзельніц. Стаць удзельнікам міжнароднай кампаніі можа кожны ахвочы.

Цяпер у Беларусі налічваецца звыш дваццаці тысячаў гняздуючых пар белых буслоў. А бусьлянкі дагэтуль упрыгожваюць вясковыя панадворкі. Рабіць шкоду бусьлінаму гнязду альбо разбураць яго — значыла наклікаць на свой дом бяду. Буслы заўсёды селяцца побач з жытлом чалавека. Таму бусьлянкі часта сустракаюцца і на новабудоўлях — людзі да гэтай пары не губляюць веры, што белы з дадаткам чорнага і чырвонага бусел прыносіць у дом шчасьце.

5. Гукаем, як у Лельчыцах і ў краіне замкаў

Штогод вясну гукаюць у Строчыцах. Сёлета ў Музэі народнай архітэктуры і побыту надыход вясны будуць сустракаць паводле традыцыяў Лельчыцкага рэгіёну. Дарэчы, герб і сьцяг Лельчыцаў аздоблены выявай бусла. Кажуць, зьбіраючыся на поўдзень, буслы, альбо лелі, гуртаваліся ў тутэйшых ваколіцах, каб ляцець разам. Таму і мястэчка на Гомельшчыне паступова сталі называць Лельчыцамі.

Мясцовыя дзяўчаты гукалі вясну, апрануўшы сплеценыя з барвянку і ўпрыгожаныя стужкамі вяночкі. Супольна зроблены і аздоблены вялізны вянок закідвалі на бярозу, што расла на пагорку. Па-іншаму дрэва ўшаноўвалі, кідаючы на яго кастрыцу. Кожнае абрадавае дзеяньне падчас гуканьня вясны суправаджалася танцамі і вясьнянкамі. Аб’ядноўваў жа ўсіх вясновы карагод.

У «Краіне замкаў» вясну гукаюць па-старасьвецку. У шэрагу вясновых тураў агенцтвам распрацаваны маршрут Менск-Ракаў-Люцынка-Вішнева-Радзевічы-Менск. У тур уключаныя некалькі захапляльных анімацыйных праграмаў, а напрыканцы — гуканьне вясны ў шляхецкім засьценку Радзевічы. На панадворку паляць вогнішча, гучаць абрадавыя сьпевы і, акрамя вясновых карагодаў, з гасьцямі развучваюць палянэз, польку, падыспань. Больш за тое, настрой уздымаюць сапраўдныя шляхецкія забавы. На гуканьне вясны запрашаюць аграсядзібы і турыстычныя комплексы. Так, напрыканцы сакавіка заклікаць вясну зьбіраюцца ў гарадзенскім маёнтку Каробчыцы.

XS
SM
MD
LG