Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А што, калі пратэсты супраць Лукашэнкі перарастуць у падтрымку Пуціна?..»


Валянцін Жданко

Напалоханая грамадзкімі пратэстамі, улада хутка замарозіла «дармаедзкі» дэкрэт, аднак на масавасьць мітынгаў і шэсьцяў гэта мала паўплывала. Людзі ў розных рэгіёнах Беларусі працягваюць выходзіць на вуліцы і плошчы.

Чаму так адбываецца? І да якіх наступстваў можа прывесьці? На гэтую тэму разважаюць у сваіх лістах слухачы Свабоды.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу нашага даўняга аўтара Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Ён піша:

«Вось мы і дачакаліся: пачаліся выразныя рухі ў бок хуткіх зьменаў, пратэсты супраць Лукашэнкі. Чым гэта выклікана — зразумела (дэкрэт „пра дармаедаў“, крах эканомікі, ціск з боку Пуціна, адсутнасьць падтрымкі Захаду...). Але да чаго прывядзе магчымая беларуская рэвалюцыя?

У нашых суседзяў на ўсходзе Эўропы (ад Баўгарыі да Эстоніі і ад Кіева да Прагі) за апошнія 27 гадоў падчас падобных бунтаў была найважнейшая базавая ідэя — уцячы ад варварскай Расеі ў цывілізаваны Эўрапейскі зьвяз. А ў сучасным беларускім грамадзтве такіх выразных арыенціраў якраз няма.

Іншымі словамі, нельга зрынаць Лукашэнку паводле старой мэтодыкі: сыходзь, а мы сабе вернем сьвятыя ідэі раньняга Лукашэнкі ўзору 1994 году. І той новы Лукашэнка нам створыць рынкавы сацыялізм, дасьць годныя заробкі, запусьціць заводы і пасадзіць карупцыянэраў — усё, што абяцаў і чаго не зрабіў Лукашэнка Першы.

Пакуль што незразумела, якія вялікія рухальныя сілы паднімуць народ на рэвалюцыю. Мова? Далучэньне да Эўропы? Сьвятая справа рынкавых рэформаў? Імкненьне да дэмакратыі і нянавісьць да дыктатуры?

...Так, магчыма, Лукашэнка і адменіць дэкрэт „пра дармаедаў“ — выпусьціць пару. Але ці дазволіць нэаімпэрская Расея ажыцьцявіць у Беларусі ўкраінскі кульбіт-разварот у кірунку Эўразьвязу?

Зусім магчыма, што за 2017-ы год пратэсты ў Беларусі могуць трансфармавацца паводле іншай схемы: ня любім крывасмока Лукашэнку, а любім Уладзіміра Пуціна, Гасудара Маскоўскага і ўсяе Вялікае і Белае Русі».

Людзей на плошчу ў сёньняшняй Беларусі гоняць зусім не палітыкі-апазыцыянэры, не ідэі нацыянальнага адраджэньня ці эўраінтэграцыі, дэмакратыі ці незалежнасьці. Іх кліча туды вострае пачуцьцё крыўды, несправядлівасьці, а многіх — і безвыходнасьці. І ўсё гэта стала наступствам правальнай эканамічнай палітыкі цяперашняй беларускай улады. Замест «дзяржавы для жыцьця», якую Лукашэнка абяцаў людзям, ідучы да ўлады, ён адабраў у беларусаў нават тыя сацыяльныя заваёвы, якія яны мелі да яго. І справа тут ня толькі ў «падатку на дармаедаў». Ён настроіў супраць сябе сотні тысяч аўтамабілістаў увядзеньнем транспартнага падатку. Ён адабраў у сталых людзей пэнсію за тры гады. Ён скасаваў многія льготы, якімі карысталіся пэнсіянэры, інваліды, моладзь...

А маскоўскі Крэмль сапраўды можа выкарыстаць цяперашнюю беларускую сытуацыю ва ўласных геапалітычных мэтах. Няцяжка здагадацца, як адрэагуе значная частка беларускага грамадзтва, калі Масква паабяцае ў выпадку далучэньня да Расеі, напрыклад, зьнізіць пэнсійны ўзрост ці падвысіць пэнсіі ўдвая, ня кажучы ўжо пра поўную адмену дармаедзкага дэкрэту ці вяртаньне сацыяльных ільготаў.

Аўтар наступнага ліста Васіль Тур зь Берасьця згадвае пра некаторыя даўнія абяцаньні Лукашэнкі. Слухач піша:

«Мы, людзі сталага веку, назіраючы за сёньняшнім бязладзьдзем, часта прыгадваем мінулае. Параўнальна добра мы жылі толькі ў часы Брэжнева. Ён, як той казаў, і сам краў, і іншым даваў красьці. Цягнулі ўсе, хто што мог, і ўсім хапала. Такога парадку, як пры Сталіну, вядома, не было. Памятаю, у 50-я гады паставіш ровар, адыдзеш — і спакойны, бо твой ровар ніхто не зачэпіць. А вось у 70-я, нават калі ланцугом яго замкнеш, маглі ўкрасьці. І міліцыя скрадзенае не асабліва шукала....

Ну а людзі стараліся працаваць, зарабляць грошы, адкладваць на старасьць, для дзяцей. У 70-80-я гады многія назьбіралі значныя сумы. У вёсках амаль усе гадавалі і здавалі на мяса бычкоў, кабанчыкаў. Тады на гэтым можна было добра зарабіць. Але грошы ў асноўным ня трацілі, клалі на ашчадную кніжку. А потым грымнула перабудова, і тыя грошы кудысьці зьніклі. Нашы бацькі так і паўміралі, пакрыўджаныя: ніхто ім тыя заробленыя ўласным мазалём тысячы савецкіх рублёў не вярнуў. Праўда, Лукашэнка на пачатку свайго прэзыдэнцтва абяцаў, што кампэнсуе страчаныя савецкія ўклады. Але потым пра гэта — ні слова. І цяпер маўчыць. Калі б раптам абвясьціў, што гатовы ўсё вярнуць, людзі, напэўна, зноў яго палюбілі б».

Вярнуць тыя грошы беларуская ўлада цяпер ня здольная, нават калі б вельмі хацела. Няма сродкаў ня тое што на гэта — нават на пагашэньне замежных крэдытаў, адтэрміноўваць якія немагчыма, а нявыплата пагражае вялікімі непрыемнасьцямі.

Вярнуць людзям страчаныя савецкія ўклады Лукашэнка мог у сярэдзіне і ў канцы «нулявых», калі бюджэт атрымліваў звышпрыбыткі ад рээкспарту дарагіх нафтапрадуктаў. Але тады лішнія грошы пайшлі на будаўніцтва лядовых палацаў, на новыя рэзыдэнцыі ды «Дажынкі». Цяпер жа ўлада маўчыць пра гэту праблему, разьлічваючы на тое, што зь цягам часу яна разыдзецца сама сабой: уладальнікі савецкіх ашчадных кніжак проста паўміраюць. І чакаць, уласна, засталося ўжо ня так і доўга...

______________________________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG