Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пратэсты ў Беларусі наводзяць на паралелі з падзеямі ў Расейскай імпэрыі 100 гадоў таму»


Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Ігар Карней

Глод: 100 гадоў таму расейскі імпэратар Мікалай II адрокся ад пасаду. Што прымусіла яго зрабіць такі незвычайны крок? На той час сытуацыя ў Расейскай імпэрыі была надзвычай напружаная. Няўдачы на франтах Першай усясьветнай вайны, эканамічная разруха, народжаная вайной, нарастаньне галечы, велізарная незадаволенасьць самаўладзьдзем — усё гэта прывяло да масавых выступленьняў супраць дынастыі. Яны перарасьлі ва ўсеагульную палітычную стачку, а затым і ў стыхійнае збройнае паўстаньне, якое скончылася Лютаўскай рэвалюцыяй.

Гісторыя сьведчыць, што Мікалай II да апошняй хвіліны вагаўся наконт свайго адрачэньня. Усё вырашыла рэакцыя вайскоўцаў, ці, кажучы сучаснай мовай, сілавікоў. На пытаньне, ці пажадана, каб цар адрокся, станоўча адказалі ўсе камандуючыя франтамі, за выключэньнем камандуючага Чарнаморскім флётам адмірала Калчака. Іхная рэакцыя прымусіла Мікалая II адмовіцца ад імпэратарскага пасаду.

І я не выключаю, што беларускія сілавікі сваімі жорсткімі дзеяньнямі наўмысна разгойдваюць лодку.

Цяперашнія пратэсты ў Беларусі наводзяць на пэўныя паралелі з падзеямі ў Расейскай імпэрыі стогадовай даўніны. Для беларускага грамадзтва пытаньне пра тое, на чый бок стануць сілавікі пры магчымых падзеях у Беларусі, надзвычай вострае. Ці ня выступяць пад уплывам вулічных акцыяў супраць Лукашэнкі Вакульчык, Раўкоў, Шуневіч ды іншыя генэралы, чые асобы сёньня атаясамліваюцца з паняцьцем «сілавікі»?

На мой погляд, гэта зусім не надуманае пытаньне. Лукашэнка кіруе Беларусьсю ўжо нават болей, чым Брэжнеў — Савецкім Саюзам. І, зразумела, рана ці позна краіна сутыкнецца з праблемай транзыту ці трансфармацыі ўлады. Адсюль і насьцярожанасьць: ці не прывядзе гэта да каляпсу дзяржавы?

Цар Мікалай адрокся ад пасаду на тле вайны. Гэта яна прывяла да галечы ў Расейскай імпэрыі. Цяпер ніякай вайны няма. Але матэрыяльнае становішча жыхароў Беларусі пагаршаецца. І ўрэшце, якая справа простаму чалавеку, зь якой прычыны ён пачаў жыць бедна? Тут галоўнае — сама галеча.

І я не выключаю, што беларускія сілавікі сваімі жорсткімі дзеяньнямі наўмысна разгойдваюць лодку. Каб пасьля, як камандуючыя франтамі сто год таму, паставіць свайго правадыра перад неабходнасьцю сысьці. І прывесьці да ўлады свайго стаўленіка.

Карней: Можна разглядаць розныя кансьпіралягічныя вэрсіі. Якія інтрыгі могуць быць за кулісамі — таямніца нават для аналітыкаў, якія спэцыялізуюцца на тэме сілавых структураў. Адпаведна, разважаньні пра тое, як за сьпінай «галоўнакамандуючага» сьпее дзяржаўная змова, — цікавыя, але малаверагодныя.

Слаба верыцца, што на вышэйшыя пасады ў беларускай міліцыі, арміі ці КДБ могуць трапіць асобы, у галовах якіх віруюць крамольныя думкі

Што тычыцца расейскай вайсковай прысутнасьці, то ў Беларусі яна ёсьць, прычым афіцыйна. Гэта ня толькі базы ды станцыі сачэньня, але і прыкамандзіраваныя да Генэральнага штабу адмыслоўцы ў пагонах з трыкалёрам. Іх дзейнасьць на тэрыторыі саюзнай краіны рэглямэнтуецца пагадненьнямі ў рамках АДКБ, хоць зразумела, што яны могуць выконваць і выведныя функцыі на выпадак абвастрэньня сытуацыі. Ступень іх уплыву на беларускі генэралітэт не афішуецца і, мяркуючы па ўсім, не вывучаецца.

Увогуле слаба верыцца, што на вышэйшыя пасады ў беларускай міліцыі, арміі ці КДБ могуць трапіць асобы, у галовах якіх віруюць крамольныя думкі, як бы зьмяніць палітычны лад. Калі нават і так, амаль перакананы, што да кожнага носьбіта лямпасаў са службы прэзыдэнцкай аховы прыстаўлены неафіцыйны куратар, які такія думкі здушыць у зародку.

Сілавікі — людзі такія ж паднявольныя, як і цывільныя чыноўнікі, дапушчаныя да дзяржаўнай кармушкі. Першая і найважнейшая ўмова іх службы і, як вынік, дабрабыту — поўная ляяльнасьць да Лукашэнкі. Менавіта па гэтым крытэры вызначаюцца тыя, хто будзе служыць і прыносіць карысьць свайму галоўнаму працадаўцу, а ўжо потым — грамадзтву.

Да таго ж усе апошнія падзеі сьведчаць, што ніякіх кардынальных зрухаў у сыстэме не адбываецца: сілавыя ведамствы дружна падтрымліваюць рэпрэсіі супраць уласных грамадзянаў і рапартуюць, што гатовыя да апошняга стаяць на варце правапарадку ў краіне.

Карбалевіч: Пачаткам Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі 100 гадоў таму стаў выбух народнага незадаволеньня, вулічныя дэманстрацыі. Толькі потым гэтыя шэсьці трансфармаваліся ў пазыцыю войска, і менавіта пад ціскам войска сапраўды Мікалай ІІ сышоў у адстаўку. Дарэчы, кіраўнік генэральнага штабу Расеі на той момант — генэрал Аляксееў, адзін з галоўных арганізатараў белага руху падчас грамадзянскай вайны — потым шкадаваў пра гэтае рашэньне і доўга апраўдваўся.

І калі сёньня правесьці паралелі з тымі працэсамі, якія адбываюцца ў Беларусі... Сапраўды, вулічныя акцыі не праходзяць бясьсьледна, яны на штосьці ўплываюць. Але, зразумела, маштабы сёньняшніх акцыяў зусім не такія, якія былі тады, 100 гадоў таму ў Петраградзе.

Любыя спробы нейкай самастойнай гульні з боку сілавікоў Лукашэнка жорстка перапыняе.

Наколькі імаверны нейкі вайсковы пераварот у Беларусі сёньня — па аналёгіі з тымі падзеямі 100-гадовай даўніны ў Расеі? Сапраўды, сёньня няма такога ўзроўню народнага пратэсту, як тады. Намэнклятура ў Беларусі — не суб’ект палітыкі, яна хутчэй інструмэнт у руках Аляксандра Лукашэнкі.

І самае галоўнае, у Беларусі няма традыцыі ўдзелу войска, сілавых структур у палітычным жыцьці. І тут Беларусь моцна адрозьніваецца ад Турэччыны ці ад краін Лацінскай Амэрыкі, дзе войска часта становіцца суб’ектам палітыкі. Любыя спробы нейкай самастойнай гульні з боку сілавікоў Лукашэнка жорстка перапыняе. Мы можам узгадаць, як колькі гадоў таму Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню КДБ Сухарэнку, калі ягоныя людзі паспрабавалі пабіць кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю Ломаця. Сухарэнка доўга чакаў арышту, пакуль яго не накіравалі на пасаду амбасадара ў Армэнію.

Да таго ж у Беларусі існуе шмат сілавых службаў. Я налічыў дзевяць структур з правам апэратыўна-вышуковай дзейнасьці, якія сочаць адна за адной. Гэта таксама важны чыньнік, які перашкаджае нейкай змове з боку сілавікоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG