Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тылерсан абвясьціў пра завяршэньне «палітыкі цярпімасьці» ў дачыненьні да КНДР


Рэкс Тылерсан

Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан абвясьціў аб завяршэньні «палітыкі цярпімасьці» ў дачыненьні да Паўночнай Карэі і адзначыў, што ваенныя дзеяньні ў дачыненьні да Пхэньяну «разглядаюцца як варыянт».

Тылерсан зрабіў гэткую заяву ў пятніцу ў Сэуле: «КНДР мусіць зразумець, што адзіны шлях да бясьпечнай і эканамічна шчасьлівай будучыні ... гэта адмова ад распрацоўкі ядзернай зброі, балістычных ракет і іншай зброі масавага паражэньня».

На супольнай прэс-канфэрэнцыі з паўднёвакарэйскім міністрам замежных спраў Юн Бёнсэ Тылерсан адзначыў, што «комплекс захадаў» у дачыненьні да ізаляванай краіны ўжо распрацоўваецца.

Тылерсан у пятніцу прыступіў да другога этапу свайго турнэ па Азіі, прыбыўшы ў Паўднёвую Карэю.

Падчас свайго візыту Тылерсан сустрэўся з высокапастаўленымі прадстаўнікамі паўднёвакарэйскіх уладаў і наведаў дэмілітарызаваную зону, якая аддзяляе краіну ад КНДР.

Выступаючы ў чацьвер у Токіё, які стаў першым пунктам яго турнэ, Тылерсан заявіў, што праз 20 гадоў беспасьпяховых дыпляматычных намаганьняў «відавочная неабходнасьць новага падыходу», каб прадухіліць зьяўленьне ядзернай зброі ў Паўночнай Карэі.

Кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі дадаў, што адна з задач яго паездкі ў рэгіён — абмеркаваць з уладамі Японіі, Паўднёвай Карэі і Кітаю магчымыя альтэрнатыўныя шляхі.

«Паўночнай Карэі і яе народу ня трэба баяцца ЗША ці суседзяў у рэгіёне, якія хочуць толькі жыць у міры з КНДР, — сказаў Тылерсан на супольнай прэс-канфэрэнцыі з міністрам замежных спраў Японіі Фуміё Кісіда. — У сувязі з гэтым Злучаныя Штаты заклікаюць КНДР адмовіцца ад ядзернай і ракетнай праграм і ўстрымацца ад далейшых правакацый».

XS
SM
MD
LG