Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі дыплямат у Кіеве выклікаў супраць пікетоўцаў паліцыю. Але тая не прыехала

  • Паўло Зубʼюк

Кіеўскія анархісты пікетавалі сёньня амбасаду Беларусі ва Ўкраіне. Акцыя адбылася ў знак салідарнасьці з актывістамі, затрыманымі падчас «Маршу недармаедаў» у Менску.

Анархісты прынцыпова не паведамлялі пра акцыю паліцыю, у выніку чаго адбыўся канфлікт з аховай амбасады. Да пікетоўцаў выйшаў беларускі дыплямат, які прадставіўся «саветнікам у пытаньнях бясьпекі» і заявіў, што акцыя «несанкцыяваная».

У адказ пратэстоўцы заявілі, што ва Ўкраіне вулічныя акцыі не патрэбна санкцыянаваць.

«Тут вам не Беларусь. Мы не баімся» — запярэчыў яму адзін з удзельнікаў.

Пасьля гэтага анархісты пачалі задаваць пытаньні наконт затрыманых у Менску. Супрацоўнік амбасады праігнараваў пытаньні і вярнуўся ў будынак, каб выклікаць паліцыю. Аднак да канца акцыі яна так і не прыехала.

Ва Ўкраіне, каб арганізаваць мірную акцыю, непатрэбны дазвол уладаў. Дастаткова заявіць пра яе правядзеньне ў паліцыю альбо гарадзкім уладам.

Анархісты скандавалі «Ўсе рэпрэсіі — дарма» і «Свабоду ўдзельнікам сацыяльнага маршу». Акцыя працягвалася каля 20 хвілінаў.

XS
SM
MD
LG