Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы сьмяротны прысуд у 2017 годзе — за забойства дваіх суседзяў


Асуджаныя на сьмяротнае пакараньне, ілюстрацыйнае фота

У Нароўлі на выязным паседжаньні Гомельскага абласнога суду 17 сакавіка быў вынесены першы сёлета сьмяротны прысуд, перадае БелаПАН. На расстрэл асудзілі 32-гадовага жыхара Нароўлі, імя якога не паведамляецца.

Паводле зьвестак суду, мужчына ўчыніў першае забойства, калі яму было 18 гадоў, за гэта быў асуджаны, адсядзеў і выйшаў на волю, а 5 сакавіка 2016 году ў выніку сваркі з асаблівай жорсткасьцю забіў дваіх суседзяў: 59-гадовую жанчыну і яе 61-гадовага брата.

Прысуд яшчэ не набыў законнай сілы, ён можа быць абскарджаны. Абвінавачаны толькі часткова прызнаў сваю віну: маўляў, прыйшоў да суседзяў па нажніцы пастрыгчы бацьку, а сусед на яго напаў, давялося бараніцца.

6 пытаньняў пра сьмяротную кару ў Беларусі

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе сьмяротная кара як пакараньне прадугледжаная законам і актыўна ўжываецца. Сьмерцю ня могуць караць жанчын, а таксама мужчын, якія ўчынілі злачынствы ва ўзросьце да 18 гадоў ці былі на дзень вынясеньня прысуду ва ўзросьце гадоў і старэйшыя. Дакладная лічба пакараных сьмерцю ў Беларусі застаецца невядомай — прыблізна 400 чалавек з 1991 году.

Праваабаронцы, Рада Эўропы і ААН асуджаюць сьмяротнае пакараньне ў Беларусі, просяць увесьці мараторый на яго выкананьне. Слуханьні аб сьмяротным пакараньні ў Беларусі пройдуць у Палаце прадстаўнікоў толькі ў 2018 годзе.

XS
SM
MD
LG