Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падаў свой бюджэтны плян на наступны, 2018 фінансавы год, які пачнецца ў кастрычніку 2017. У ім, як і абяцаў амэрыканскі кіраўнік, гаворыцца пра рэзкае скарачэньне выдаткаў на міжнародную дапамогу, працу зьнешнепалітычнага ведамства і экалягічныя праграмы, каб атрымаць сродкі на абарону. Пляны скарачэньняў не задавальняюць і многіх рэспубліканцаў.
У бюджэтным пляне, які Белы дом абнародаваў у чацьвер, Дональд Трамп прапануе павялічыць выдаткі на абаронныя патрэбы на 10 адсоткаў, а таксама павялічыць выдаткі на Міністэрства ўнутранай бясьпекі. Трамп лічыць, што гэта неабходна для ЗША. «Інвэстыцыя ў войска — гэта інвэстыцыя ў мір, таму што лепшы спосаб адцягнуць вайну — гэта быць гатовым да яе», — сказаў ён у тэлезвароце да народу ў пачатку сакавіка.
Каб некаму даць, дзесьці трэба ўзяць
Але рост выдаткаў на абарону мае сваю цану: гэта скарачэньне ў іншых галінах.
Больш за ўсё плянуюць скараціць выдаткі Дзяржаўнага дэпартамэнту — на 28%, і Агенцтва абароны навакольнага асяродзьдзя — на 31%. У прыватнасьці, агульны бюджэт Дзярждэпартамэнту разам з Агенцтвам міжнароднага разьвіцьця ЗША прапанавана паменшыць амаль на 11 мільярдаў даляраў, у параўнаньні зь цяперашнім узроўнем у прыкладна 36,5 мільярдаў.
Гэта азначае рэзкае абмежаваньне міжнароднай дапамогі ЗША і грантаў Вашынгтону на шматбаковыя ўстановы разьвіцьця, такія як Сусьветны банк, а таксама на праграмы ААН па барацьбе з кліматычнымі зьменамі.
Згода на скарачэньне не адзінадушная
З такімі скарачэньнямі ня згодныя і многія прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі — перадусім заканадаўцы, якія ў выніку і будуць зацьвярджаць новы бюджэт. Многія зь іх крытыкуюць пляны рэзкага зьмяншэньня выдаткаў на замежную дапамогу і дыпляматыю.
Сэнатар-рэспубліканец з Флёрыды Марка Рубіё перакананы, што прадстаўлены адміністрацыяй плян ня стане бюджэтам. «Бюджэт робім мы. Адміністрацыя падае рэкамэндацыі, але бюджэт робіць Кангрэс», — заявіў ён.
Сярод прапанаваных скарачэньняў — таксама ліквідацыя больш за паўсотні праграм у галіне экалёгіі, значнае памяншэньне выдаткаў на міністэрства аховы здароўя і сацыяльнай дапамогі, працы, сельскай гаспадаркі або транспарту.