Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы жывем у час, калі пануе ювэнальная культура, бо людзі любымі сродкамі імкнуцца да вонкавай прыгажосьці, імітуючы маладосьць. Людзі хочуць мець глямурны выгляд, шырока і, часам, безгустоўна карыстаюцца інвазіўнымі касмэтычнымі сродкамі, калі мае месца не толькі звычайны гігіенічны дагляд за скурай твару, але і даволі складаныя маніпуляцыі. Прычым усё вышэйназванае атаясамліваецца з сэксуальнасьцю.

У гэтых абставінах сталыя людзі аказваюцца як бы выключанымі з агульнай плыні, іх зморшчынкі на тварах, сагнутыя постаці, зьмененае узростам і хваробамі цела ні ў кога не выклікае і думкі аб тым, што ў іх магчымыя сэксуальныя фантазіі і жаданьні.

Тым часам трэба добра ўсьведамляць, што сэксуальнасьць — гэта тая рыса, якая знаходзіцца з чалавекам усё ягонае жыцьцё. У сталым узросьце сэксуальнасьць можа мець фізыялягічны і паталягічны аспэкты.

Паталёгія сэксуальных паводзін зьяўляецца праяўленьнем глыбокіх кагнітыўных парушэнбняў і дэмэнцыі. Напрыклад, можна назіраць як дама вельмі сталага веку заляцаецца да маладых хлопцаў ці апранае адзеньне, якое асацыюецца з агрэсіўнымі паводзінамі сэксуальнага характару. Часам, такія рэчы прыносяць шмат этычных праблем людзям, якія даглядаюць такіх старых. Калі такое адбываецца, трэба зьвяртацца да спэцыялістаў-псыхіятраў з мэтай лячэньня асноўнай хваробы, якая выклікае неадэкватныя паводзіны.

Фізыялягічныя сэксуальныя паводзіны вельмі адрозьніваюцца ў розных людзей, і гэта залежыць ад генэтычных асаблівасьцей і наяўнасьці хвароб. Асаблівасьць сэксуальнасьці сталага ўзросту заключаецца ў тым, што на першы плян выходзяць тактыльныя знакі ўвагі да партнэра, напрыклад, пагладжваньні і дотыкі. У шпіталях часта даваодзіцца назіраць, як вельмі сталы пацыент сядзіць каля эфэктнага выгляду мэдсястры, пагладжвае яе па плячы і пры гэтым прыгаворвае нешта кшталту «мая ты галубка, якая прыгожая, ах, мне б скінуць гадоў 50». Гэта і ёсьць праяўленьне сэксуальнай цікаўнасьці.

Рэдка, але бываюць выпадкі захаваньня каітальнай сэксуальнай актыўнасьці да глыбокай старасьці. Мы назіралі мужчын-доўгажыхароў у Азэрбайджане (якіх у гэтай краіне шмат), якія ва ўзросьце старэй за 80 гадоў робяцца бацькамі. Такое захаваньне сэксуальных здольнасьцей звычайна зьвязана з высокім ад нараджэньня ўзроўнем мужчынскага палавога гармону тэстастэрону. У расейскіх вёсках у некаторых рэгіёнах такіх сталых мужчын называюць «снахачы», бо яны часам дэманструюць сэксуальныя інтарэсы да маладых жонак сваіх сыноў.

Вядома, што з узростам узровень мужчынскага палавога гармону тэстастэрону зьніжаецца, але якімі тэмпамі гэта будзе адбывацца — у вялікай ступені залежыць ад паводзін мужчыны з самага маладога веку.

Пра тое, як захаваць здаровую сэксуальнасьць да самай старасьці, мы раскажам у наступных нататках.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG