Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША прад'явілі абвінавачваньні расейцам ва ўзломе кампутарных сетак


Міністэрства юстыцыі ЗША прадʼявіла абвінавачваньні расейцам ва ўзломе і хакерстве ў сувязі з рабаваньнем 500 мільёнаў акаўнтаў карыстальнікаў Yahoo у 2014 годзе.

Упершыню абвінавачваньні ў кібэрзлачынствах у ЗША прадʼяўленыя расейскім дзяржаўным чыноўнікам. ФБР і Міністэрства юстыцыі ЗША абвясьцілі, што акрамя двух афіцэраў ФСБ абвінавачваньні прадʼяўленыя яшчэ двум хакерам.

Амэрыканская прэса тлумачыць, што гэтыя абвінавачваньні ня маюць дачыненьня да меркаванага ўмяшаньня Расеі ў выбарчую кампанію ў ЗША ў 2016 годзе. Як паведамляе газэта «Washington Post», абвінавачанымі зьяўляюцца Дзьмітрый Дакучаеў і Ігар Сушчын. Абодва працавалі ў падразьдзяленьні ФСБ, якое займаецца расьсьледаваньнем кібэрзлачынстваў.

Дакучаеў быў арыштаваны ў сьнежні ў Маскве па абвінавачваньні ў дзяржаўнай здрадзе і перадачы інфармацыі ЦРУ. Другі абвінавачаны — Аляксей Белан, якому і раней прадʼяўляліся абвінавачваньні ў сувязі з уварваньнем у электронныя сыстэмы ў Нэвадзе і Каліфорніі ў 2012 і 2013 гадах. Паведамляецца, што ён знаходзіўся пад арыштам у Грэцыі, аднак змог дабрацца да Расеі, дзе знаходзіцца пад абаронай уладаў. Яшчэ адзін хакер — Карым Баратаў — нарадзіўся ў Казахстане і мае грамадзянства Канады. У аўторак ён быў арыштаваны ўладамі Канады.

Абвінавачваньні ўключаюць у сябе хакерства, махлярства ў сетках, крадзеж у сфэры камэрцыйнай таямніцы і эканамічны шпіянаж. Агенцтва АР паведамляе, што адрасы электроннай пошты, якія хакеры ўзломвалі , уключалі як расейскіх, гэтак і амэрыканскіх чыноўнікаў, а таксама расейскіх журналістаў, супрацоўнікаў фінансавых структураў і прадстаўнікоў бізнэсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG