Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паротнікаў: «Крэмль зможа выкарыстаць затрыманьне Баранчыка»


Андрэй Паротнікаў

Палітычны аглядальнік Андрэй Паротнікаў пракамэнтаваў затрыманьне ў Маскве Юрыя Баранчыка, шэф-рэдактара парталу расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum.

«Калі расейцы (улады РФ. — РС) не пратэставалі супраць арышту трох публіцыстаў, то, адпаведна, ня маюць юрыдычнай, палітычнай і лягічнай падставы пратэставаць супраць затрыманьня Юрыя Баранчыка. Тым больш, Баранчык — грамадзянін Беларусі.

Цяжка казаць, ня бачыўшы матэрыялаў крымінальнай справы, але з публічных камэнтароў вынікае, што Баранчык быў асноўным завадатарам і падбухторшчыкам гэтай групы „рэгнумцаў“ у Беларусі.

Крэмль зможа выкарыстаць затрыманьне і магчымы арышт Баранчыка ў Беларусі, калі, напрыклад, спатрэбіцца дэзавуяваць статус Беларусі як асноўнага стратэгічнага партнэра Расеі. І Аляксандра Лукашэнку як найбольш папулярнага замежнага палітыка ў Расеі».

Сьледчы камітэт Беларусі на афіцыйным сайце паведаміў, што Баранчыка затрымалі на запыт беларускага боку па справе аб распальваньні варожасьці, у межах якой летась былі арыштаваныя тры аўтары Regnum.

Выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Юры Паўлавец, школьны вартаўнік Дзьмітры Алімкін і рэдактар часопіса «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка былі затрыманыя на пачатку сьнежня мінулага году. Ім выставілі абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Па гэтым артыкуле ім пагражае штраф, альбо да шасьці месяцаў арышту, альбо абмежаваньне ці пазбаўленьне волі тэрмінам да пяці гадоў.

Крыніца ў расейскіх праваахоўных органах паведаміла агенцтву ТАСС, што Баранчык будзе выдадзены Беларусі. У сваю чаргу, сам Баранчык у размове з ТАСС адмовіўся камэнтаваць сваё затрыманьне.

Апошняя на сёньня публікацыяй Баранчыка на Regnum — артыкул пад загалоўкам «Групоўка Макея пачала кампанію застрашваньня Лукашэнкі», дзе аўтар заяўляе, нібы міністар замежных спраў Беларусі гатовы заняць пасаду прэзыдэнта, а «прапагандысты Макея прапануюць Лукашэнку пайсьці шляхам Януковіча».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG