Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць аршанскага апазыцыянэра Грышанава завялі крымінальную справу


Ігар Грышанаў

Актывіста кампаніі «Гавары праўду» Ігара Грышанава падазраюць у злачынстве паводле артыкулу 211, частка 1 Крымінальнага кодэксу («Прысваеньне або растрата маёмасьці асобай, якой яно даверана»).

Гэтым артыкулам у якасьці пакараньня прадугледжаны абмежаваньне волі на тэрмін да чатырох гадоў са штрафам або бяз штрафу, а таксама забарона займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Справу супраць Ігара Грышанава завялі 11-га сакавіка, напярэдадні аршанскага «Маршу недармаедаў». Пасьля 22.00 11-га сакавіка актывісту прапанавалі прывезьці ў міліцыю дакумэнты, якія тычацца дзейнасьці каапэратыву па газыфікацыі вёскі Стаўры, старшынём якога быў Грышанаў. Ехаць у міліцыю бяз позвы актывіст адмовіўся, і назаўтра, 12-га сакавіка, быў затрыманы.

У ізалятары часовага ўтрыманьня ён правёў амаль 72 гадзіны, прадугледжаныя заканадаўствам для падрыхтоўкі абвінавачаньня. Каля 10-й раніцы 15-га сакавіка Грышанава адпусьцілі з ІЧУ. Аднак тут жа зь ягоным удзелам былі распачатыя сьледчыя дзеяньні, распавёў актывіст:

«Адразу ж паехалі ў вёску Стаўры, дзе я маю аграсядзібу „Пуцяціна“ ў бацькаўскай хаце. Старэнькая мая мама, ёй 85 гадоў, як расплакалася, як кінулася да мяне на шыю! Яна ж амаль суткі нічога ня ведала, дзе я і што са мной — пакуль не прыехала зь Менску дачка і не патлумачыла... Сьледчыя апісалі частку маёмасьці — кампутар і спартовы трэнажор. Патлумачылі, што гэта неабходна, бо справа, у якой вядзецца сьледзтва, — эканамічная, грашовая».

Ігар Грышанаў ужо заключыў дамову з адвакатам, каб абскардзіць сваё затрыманьне ў дзень акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3:

«Гэта была на 100% палітычная замова, каб „ізаляваць“ мяне на час „Маршу недармаедаў“ як патэнцыйнага лідэра. Супрацоўнікі ДАІ, якія мяне затрымалі на машыне, самі прызнаваліся, што гэта быў такі загад».

Што да крымінальнай справы, то яе Ігар Грышанаў лічыць помстай за актыўную грамадзкую пазыцыю і дзейнасьць на карысьць аднавяскоўцаў.

Шмат гадоў Грышанаў быў старэйшынам вёскі Стаўры, займаўся добраўпарадкаваньнем, адстойваў інтарэсы тутэйшага насельніцтва. Ад пасады старэйшыны вёскі ён быў вымушаны адмовіцца, а пасады старшыні газавага каапэратыву яго пазбавілі з ініцыятывы мясцовай «вэртыкалі». Паводле Ігара Грышанава, сход па ягоным пераабраньні быў праведзены з парушэньнямі. Шэсьць месяцаў таму сельсавет зьвярнуўся ў міліцыю, каб там правялі праверку дзейнасьці газавага каапэратыву. Гэта й стала нагодай для крымінальнай справы, якую Грышанаў лічыць цалкам беспадстаўнай.

Ціск на актывіста ўзмацніўся пасьля таго, як ягоная аграсядзіба стала пляцоўкай для культурніцкіх падзеяў рэгіёну. Тут, у прыватнасьці, прайшлі прэзэнтацыі кнігі «Гняздо-2» Паліны Сьцепаненкі і кнігі Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы...».

За некалькі дзён да затрыманьня Грышанава ягоную аграсядзібу «Пуцяціна» абрабавалі. Невядомыя рабаўнікі ўзламалі сэйф і забралі дзьве тэчкі з дакумэнтамі. Паводле актывіста, мясцовая міліцыя, прыбыўшы на месца злачынства толькі праз 12 гадзін, не знайшла адбіткаў пальцаў злачынцаў.

XS
SM
MD
LG