Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: расейскім алігархам «рэкамэндуюць» дапамагчы сэпаратыстам Данбасу


Намесьнік старшыні ўраду Расеі Дзьмітрый Козак на адмысловай сустрэчы з прадстаўнікамі прамысловых групаў прасіў холдынгі Алішэра Ўсманава і Аляксея Мардашова пачаць пастаўкі жалезнай руды на прадпрыемствы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны, падкантрольнай сэпаратыстам. Заводы, якія належаць украінскім і расейскім бізнэсоўцам, прастойваюць з-за транспартнай блякады.

Паводле суразмоўцы агенцтва РБК, прадстаўнікі холдынгаў «Северсталь» і «Металлоинвест» выслухалі рэкамэндацыю «зьвярнуць увагу на новы рынак збыту». Іншая крыніца пацьвердзіў факт нарады і дадаў, што «кампаніі выказалі гатоўнасьць пачаць пастаўкі на прадпрыемства рэспублікі ў бліжэйшы час».

Праблемы з пастаўкамі сыравіны на прадпрыемствы на тэрыторыі так званых «ДНР» і «ЛНР» абвастрыліся пасьля уведзенай у студзені транспартнай блякады. Былыя байцы добраахвотніцкіх батальёнаў заблякавалі чыгуначныя шляхі, якія злучаюць прадпрыемствы Данбасу, з патрабаваньнем спыніць «гандаль на крыві». Частка мэталюргічных заводаў належыць украінскаму алігарху Рынату Ахметаву, частка — групе «ИСД» пад кантролем расейскіх інвэстараў.

Афіцыйны прадстаўнік холдынгу «Северсталь» адмаўляе, што ўрад зьвяртаўся з просьбай пачаць пастаўкі руды ў «ДНР» і «ЛНР». У холдынгу «Металлоинвест» на запыт агенцтва РБК не адказалі.

Ад 1 сакавіка на прадпрыемствах, якія належаць украінскім бізнэсоўцам, сэпаратысты ўвялі «зьнешняе кіраваньне» і заявілі пра магчымую нацыяналізацыі заводаў. Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Ўкраіна ня будзе гандляваць з захопленымі сэпаратыстамі прадпрыемствамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG