Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутата Эўрапарлямэнту ад Польшчы на месяц пазбавілі заробку за прапанову плаціць жанчынам менш, чым мужчынам


Януш Корвін-Міке з кіраўніком анэксаванага Крыму Сяргеем Аксёнавым (зьлева)

Скандальна вядомы дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы Януш Корвін-Міке пакараны за сэксісцкую прамову: яго на 10 дзён адхілілі ад выкананьня абавязкаў і пазбавілі на месяц сутачных выплат.

Таксама дэпутат на працягу году ня зможа прадстаўляць Эўрапарлямэнт у якіх-небудзь дэлегацыях, на канфэрэнцыях або форумах. Забарона ўступае ў сілу ўжо ва аўторак. Прысутныя на сэсіі эўрадэпутаты сустрэлі рашэньне аплядысмэнтамі.

Выступаючы ў Брусэлі 1 сакавіка, Корвін-Міке, 74-гадовы кансэрватыўны лібэрал-лібэртарыянец заявіў аб прыроднай перавазе мужчын над жанчынамі:

«Відавочна, што жанчыны павінны зарабляць менш, — заявіў ён, — таму што яны слабейшыя, меншыя і дурнейшыя». У якасьці аргумэнту ён нагадаў, што сярод 100 найлепшых гульцоў у шахматы няма ніводнай прадстаўніцы слабага полу.

Гаворка выклікала бурную рэакцыю з боку жанчын-парлямэнтарыяў, адна зь якіх заявіла Корвін-Міке, што была выбрана ў Эўрапарлямэнт менавіта для таго, каб «абараняць жанчын ад такіх мужчын, як вы».

Корвін-Міке ўжо ня першы раз атрымлівае бан ад сваіх калегаў. У 2015 годзе яго часова адхілілі ад абавязкаў эўрадэпутата пасьля таго, як выступаючы з прамовай, ён ускінуў руку ў нацысцкім прывітаньні і вымавіў — Ein Volk, Ein Reich ( «Адзін народ, адна дзяржава»), цытуючы адзін зь вядомых лёзунгаў нацысцкай партыі часоў Гітлера. Да фашызму яго прамова дачыненьня ня мела: у гэты момант абмяркоўвалася транспартная рэформа ЭЗ. У ліпені 2016 году гісторыя паўтарылася: польскага кансэрватара на пяць дзён адхілілі ад працы з той прычыны, што Корвін-Міке параўнаў масавы прыток імігрантаў у Эўропу з «патокам адкідаў». У той раз яго таксама аштрафавалі на 3 тысячы эўра.

Корвін-Міке — паводле адукацыі матэматык, чэмпіён Польшчы па брыджы і член нацыянальнай зборнай па гэтай гульні, каталік і бацька васьмярых дзяцей ад трох жанчын. Яго апошняя жонка маладзейшая яго на 44 гады. Што яна думае з нагоды ягоных адносін да жанчын — невядома.

XS
SM
MD
LG