Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пакажуць ірляндзкі мультфільм па-беларуску


17-19 сакавіка ў кінатэатры «Масква» пройдуць паказы анімацыйнага фільму «Таямніца Келза», якую агучыў па-беларуску праект «Кінаконг». Гэта ірляндзкі мультфільм, і ягоны паказ прымеркаваны да дня сьвятога Патрыка — традыцыйнага ірляндзкага сьвята, якое цяпер 17 сакавіка адзначаюць шмат дзе ў сьвеце.

Мультфільм распавядае казачную гісторыю, заснаваную на рэальных падзеях ІХ стагодзьдзя ў Ірляндыі. Галоўны герой, хлопчык Брэндан, жыве ў абацтве Келз. Неўзабаве ў гэтае абацтва прыбывае славуты асьветнік Эйдан з таямнічай кнігай... У далейшых прыгодах будуць удзельнічаць не толькі яны, але і чароўная дзяўчынка Ашлінг зь лесу, і кот Эйдана Пангурбан.

Стужка была адзначана шэрагам узнагародаў і намінацыяў, уключна з намінацыяй на «найлепшы анімацыйны фільм» прэміі «Оскар».

«Мультфільм будзе цікавы і дарослым, і дзецям. Ён вызначаецца вельмі дасканалай і нестандартнай анімацыяй. Павал Харланчук сказаў так: „Дзецям варта глядзець гэты мульцік хаця б для таго, каб выхоўваць густ“. Сюжэт казачны-фэнтэзійны, але пры гэтым глыбокі і гістарычны. Таму дзецям будзе цікава, а дарослыя зразумеюць значна больш. Так што я б на месцы моладзі зьвярнуў увагу на гэты мульцік. Той выпадак, калі крытыкі ў захапленьні, але праз правальны маркетынг фільм амаль невядомы на нашай прасторы», — сказаў Свабодзе кіраўнік праекту «Кінаконг» Андрэй Кім.

Фільм агучаны на беларускую мову ў межах праекту «Беларускія ўікэнды». У агучваньні ўдзельнічалі Павал Харланчук, Ганна Хітрык ды іншыя вядомыя беларускія акторы.

Прэм’ера мультфільма адбудзецца 17 сакавіка а 19.00 у кінатэатры «Масква». Наступныя паказы адбудуцца 18 і 19 сакавіка а 17.00 таксама ў кінатэатры «Масква».

Трэйлер:

XS
SM
MD
LG