Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Wall Street Journal: Трамп дазволіў ЦРУ баявое выкарыстаньне бесьпілётнікаў


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп надаў ЦРУ новыя паўнамоцтвы ў правядзеньні атак супраць меркаваных баевікоў з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў, паведаміла Wall Street Journal са спасылкай на амэрыканскіх чыноўнікаў.

Выданьне адзначае, што такі крок азначаў бы зьмену палітыкі адміністрацыі прэзыдэнта Барака Абамы, якая абмяжоўвала ролю ЦРУ ў правядзеньні напаўваенных апэрацыяў. У адпаведнасьці з папярэднімі палітычнымі ўстаноўкамі, ЦРУ выкарыстоўвала бесьпілётнікі ды іншыя выведныя рэсурсы для выяўленьня знаходжаньня меркаваных тэрарыстаў, пасьля чаго рэальны ўдар наносіўся вайскоўцамі, тлумачыць выданьне. Найлепшым прыкладам такога падыходу была атака амэрыканскага бесьпілётніка ў траўні 2016 году, у выніку якой быў забіты лідэр руху «Талібан» мула Ахтар Мансур.

Паводле Wall Street Journal, пры адміністрацыі Абамы, у мэтах павышэньня празрыстасьці апэрацыяў і падсправаздачнасьці, адказнасьць за прыняцьце рашэньняў аб нанясеньні ўдару несьлі вайскоўцы.

ЦРУ, якое дзейнічае ў адпаведнасьці з сакрэтнымі паўнамоцтвамі, не абавязанае раскрываць колькасьць падазраваных тэрарыстаў або цывільных асобаў, забітых у выніку ўдараў бесьпілётнікаў. У той жа час Пэнтагон абавязаны публікаваць справаздачы пра большасьць паветраных удараў.

Белы дом, Міністэрства абароны і ЦРУ пакуль не пракамэнтавалі гэтую інфармацыю.

ЗША сталі першай краінай, што ўжывала абсталяваныя ракетамі бесьпілётныя лётныя апараты для зьнішчэньня меркаваных баевікоў пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Удары бесьпілётнікаў Predator і Reaper па замежных цэлях пачаліся пры былым прэзыдэнце Джорджы Бушы-малодшым і былі пашыраныя пры прэзыдэнце Бараку Абаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG