Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына разрывае сувязі зь Нідэрляндамі на высокім узроўні і спыняе пагадненьне з ЭЗ пра ўцекачоў


Дэманстранты туркі ў Нідэрляндах пратэстуюць супраць нядопуску ў краіну самалёта кіраўніка МЗС Турэччыны Мэўлюта Чавушаглу каля турэцкага консульства ў Ратэрдаме, 11 сакавіка 2017 году

Турэччына заявіла, што спыняе ўсе палітычныя кантакты зь Нідэрляндамі на высокім узроўні і больш ня лічыць для сябе дзейсным пагадненьне з Эўрапейскім зьвязам, якое мела стрымаць плынь уцекачоў.

Як заявіў віцэ-прэм’ер-міністар Турэччыны Нурэтын Джаніклі, Анкара будзе пераглядаць дамоўленасьць з Брусэлем, паводле якой Турэччына ў абмен на фінансавую дапамогу і некаторыя палітычныя саступкі ЭЗ абавязалася стрымліваць транзытную плынь уцекачоў у Эўропу праз сваю тэрыторыю.

Між тым прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган зрабіў новыя заявы супраць саюзьнікаў у NATO — абвінаваціў канцлера Нямеччыны Ангелу Мэркель у тым, што яна «падтрымлівае тэрарыстаў». Паводле Эрдагана, Мэркель вінаватая ў тым, што Нямеччына не дала адказу на чатыры з паловай тысячы запытаў Анкары пра «падазраваных у тэрарызьме». Да іх улада Турэччыны залічвае падазраваных у датычнасьці да спробы перавароту летась, а таксама імаверных прыхільнікаў курдзкіх сэпаратыстаў.

Што да Нідэрляндаў, то, паводле Эрдагана, кіраўнікі гэтай краіны «не ўсьведамляюць, што такое дэмакратыя».

Таксама ўвечары ў панядзелак Анкара абвясьціла, што ня ўпусьціць у краіну пасла Нідэрляндаў, які акурат знаходзіцца ў адпачынку за межамі Турэччыны.

Раней у панядзелак Міністэрства замежных справаў Турэччыны выказала афіцыйны пратэст супраць стаўленьня Нідэрляндаў да міністра турэцкага ўраду. Ягоны аўтамабіль пад канвоем вывезьлі за межы Нідэрляндаў пасьля няўдалай спробы міністра ўзяць удзел у недазволеным мітынгу турэцкай меншасьці. Анкара таксама назвала непрапарцыйнымі дзеяньні нідэрляндзкіх сілавікоў супраць дэманстрантаў-туркаў, абураных такім стаўленьнем да міністра.

У Эўрапейскім зьвязе, са свайго боку, вярхоўны камісар замежных справаў Фэдэрыка Магерыні і эўракамісар у справах перамоваў пра пашырэньне Яганэс Ган заклікалі ўлады Турэччыны ўстрымлівацца ад празьмерных заяваў і дзеяньняў, якія ствараюць рызыку абвастрэньня сытуацыі.

За выходныя Эрдаган двойчы прыпадабняў нідэрляндзкія ўлады да нацыстаў, што выклікала абурэньне ў гэтай краіне, якая моцна пацярпела ад нацыстаў падчас Другой усясьветнай вайны. Перад тым ён параўноўваў з нацызмам і палітыку ўладаў Нямеччыны.

Гнеў Анкары выклікала тое, што апошнімі днямі ў цэлым шэрагу эўрапейскіх краінаў, сярод якіх Нідэрлянды, Нямеччына, Аўстрыя ці Швайцарыя, не былі дазволеныя мітынгі мясцовых турэцкіх меншасьцяў з удзелам міністраў ураду Турэччыны. Яны мелі агітаваць турэцкіх грамадзянаў галасаваць на рэфэрэндуме 16 красавіка за рэзкае ўзмацненьне ўлады прэзыдэнта Турэччыны. Ва ўсіх выпадках, як прынята, такія рашэньні прымала мясцовая ўлада адпаведных гарадоў, але Турэччына ўсклала віну на цэнтральныя ўлады эўрапейскіх краінаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG